https://www.traditionrolex.com/8
<p>Экскурсіі ў Беласток у рамках кампаніі «Візы за квіткі»</p>

Кампанія «Візы за квіткі» разбурае стэрэатыпы: беларусы ў Беласток едуць не толькі на шопінг. Пра гэта распавёў у нашым эфіры Яўген Лаўранюк, кіраўнік аднаго з беластоцкіх турагенцтваў, якое рэалізуе гэтую праграму, паведамляе Беларускае радыё «Рацыя»

Турысты з Беларусі цікавяцца манастыром у Супраслі, Падляшскай операй і філармоніяй, а таксама іншымі культурна-гістарычнымі аб’ектамі ў Беластоку, заўважае кіраўнік агенцтва Jonior Яўген Лаўранюк.

– Сёння прыехала дзве групы турыстаў, адна з Полацка, а другая з Гродна. Яны наведалі манастыр у Супраслі, паглядзелі Беласток, а ўвечары наведаюць спектакль у беластоцкай оперы. 

РР: У праграме не толькі крамы і кірмаш, але ж мы прызвычаіліся, што беларусы ў асноўным едуць у Беласток за пакупкамі, гэта значыць, што нешта змяняецца? Якія людзі карыстаюцца вашай прапановай?

– Стэрэатып змяняецца, дакладней, мы хочам гэты стэрэатып змяніць. Насамрэч усе прызвычаіліся, што беларусы – гэта гіпермаркеты, кірмаш ды іншыя гандлёвыя кропкі. Мы хочам паказаць Беласток з іншага боку, паказаць культуру Беластока, культуру Польшчы, што Беласток гэта не толькі крамы, што гэта яшчэ і высокая культура. Перадусім гэта Падляшская опера, якая не так даўно была збудавана. Праграму мы распланавалі наступным чынам: сёння – гэта турыстычная, культурная праграма, а заўтра дзень адпачынку, калі жадаючыя змогуць зрабіць пакупкі. Нічога надзвычайнага ў гэтым няма, бо нават палякі, якія едуць у іншыя краіны, займаюцца шопінгам, бо гэта ўсім цікава. Таму шопінг таксама будзе.  

РР: Турысты з Гродна, Ліды і Слоніма – гэта наш рэгіён, але сёння таксама былі турысты з Полацка. Атрымліваецца, што геаграфія беларускіх гарадоў пашыраецца?

– Геаграфія пашыраецца, будуць прыязджаць групы з усёй Беларусі. Першыя групы былі з Гродна таму, што польскае консульства тут першым пачало рэалізацыю гэтай праграмы. Цяпер гэтая праграма пашыраецца на польскія консульствы ў Брэсце і Мінску. Ідуць першыя заяўкі з Мінска, Гомеля, Баранавіч, Брэста, таму будзем прымаць турыстаў з усёй Беларусі.

РР: Якім чынам можна атрымаць «Візы за квіткі»?

– Для гэтай праграмы рашэннем польскага МЗС прадугледжана спецыяльная працэдура, якой займаюцца консульствы, а таксама беластоцкія турфірмы. З беларускага боку гэтым займаюцца беларускія турфірмы. Трэба звяртацца ў турфірмы, якія супрацоўнічаюць з польскімі турфірмамі, акрэдытаванымі ў польскіх консульствах. Усю інфармацыю можна атрымаць у польскіх консульствах, яны маюць спіс фірмаў, якія гэтым займаюцца. 

РР: Паведамляецца, што кошт такой двухдзённай экскурсіі з адным начлегам складае каля 50 еўра. Што ўваходзіць у кошт пакета?

– Самае галоўнае ў праграме – гэта бясплатная віза. Усё астатняе ўлічваецца ў 50 еўра – гэта білет у оперу, экскурсія ў манастыр, начлег у гасцініцы і г. д.

РР: У якіх гасцініцах вы размяшчаеце людзей, бо, напэўна, у кожнага свае пажаданні і магчымасці?

– Увогуле кошт каля 50 еўра – гэта стандартны кошт. У нас ёсць турысты з Мінска, якія будуць жыць у гасцініцы Go??biewski, яна даражэй, але гэта іх пажаданне. Калі будзе такое жаданне, мы можам зарэзерваваць месцы ў Go??biewskim – гэта не праблема, усё залежыць ад жадання групы. Бачна, што па гэтай праграме прыязджаюць карпаратывам з арганізацый і фірмаў. 

Паводле слоў Яўгена Лаўранюка, беластоцкія турфірмы супрацоўнічаюць з беларускімі калегамі. Падрабязная інфармацыя пра кампанію «Візы за квіткі» даступная ў консульствах Польшчы ў Беларусі. Купляючы адзін з культурна-турыстычных пакетаў, беларусы атрымліваюць бясплатную візу ў Польшчу. Кошт двухдзённай экскурсіі з адным начлегам каля 50 еўра. У праграме таксама наведванне папулярных беластоцкіх крамаў. Прапанова накіравана на арганізаваныя групы.

Улад Грынеўскі

***

Экскурсіі ў Беласток у рамках кампаніі «Візы за квіткі»

Наведалі манастыр у Супраслі і паглядзелі спектакль у Падляшскай оперы. Першыя групы турыстаў з Беларусі прыехалі ў Беласток у рамках гэтак званай кампанні «Візы за квіткі». 

– Знаёмыя нам падказалі, што ёсць такая фірма, дзе можна купіць пуцёўку і з’ездзіць у Польшчу паглядзець спектакль.

– Гэта прапанова мяне вельмі зацікавіла. Мой муж зрабіў мне такі падарунак на 8 Сакавіка. Мы ў Польшчы ўпершыню. Вельмі падабаецца, цікава паглядзець, як нашы бліжэйшыя суседзі жывуць, чым жывуць. І ўвогуле пазнаёміцца з культурай народа.

– Вельмі спадабалася тое, што мы ўбачылі, пачулі. Пазнаёміліся з архітэктурай горада. Як нам патлумачылі, гэта навуковы цэнтр, тут шмат студэнтаў. Вельмі чысты, прыгожы, па-веснавому сонечны горад.

– Мы наведалі касцёлы, праваслаўныя цэрквы, манастыр у Супраслі. І вельмі добра адпачылі духоўна. Духоўнасць – гэта больш важна, чым тыя «закупы». Напэўна, не надта яны патрэбныя, трэба, каб было нешта ў сэрцы.

– Першы дзень у нас арганізаваны так, што ногі гудуць! Мы ўжо наведалі многія мясціны горада. Нам сказалі, што будзем мець больш вольнага часу, каб самастойна пахадзіць па Беластоку.

– У нас атрымалася, што 25 чалавек (гэта палова) было са Слоніма, астатнія – з Гродна. Мы спыніліся ў трох кіламетрах ад Беластока ў 3-зоркавым атэлі. Нас гасцінна прынялі, нумары ўтульныя. Агульны кошт паездкі – 65 еўра і 220 тыс. беларускіх рублёў.

– Трэба нам сябраваць, трэба яднацца! Тым больш, што нашы культуры маюць шмат агульнага. 

У Беласток прыехалі турысты з Гродна, Ліды і Слоніма. У першы дзень паглядзелі яны мюзікл «Корчак» у Падляшскай оперы, наведалі праваслаўны манастыр у Супраслі, тамашні Музей ікон і беластоцкія каштоўнасці. Арганізатары экскурсіі запланавалі таксама беларускім турыстам свабодны час на індывідуальнае наведванне горада і пакупкі.

Першая група турыстаў з Беларусі – гэта 48 чалавек, якія скарысталіся з прапановы беластоцкага турагенцтва Junior. Чарговыя дзве групы, разам каля сотні чалавек, прыедуць у Беласток у пятніцу.

2

3

4

5

6

7

8

Лукаш Леанюк

Фота Улі Шубзды

https://www.traditionrolex.com/8