Гістарычны Disnayland створаць у Мельніку на Падляшшы. Управа Падляшскага ваяводства выдзеліла фінансавыя сродкі на першы этап пабудовы Гістарычнага парку «Трылогія». Інвестыцыю аб'екта рэалізуе гміна Мельнік, натхнёная творчасцю Генрыка Сянкевіча, аўтара «Трылогіі», і Ежы Гофмана, які гэты літаратурны твор перанёс на кінаэкран, паведамляе
Парк будзе размяшчацца на плошчы 21 гектар. Першая частка інвестыцыі – гэта пабудова «Хрэпцёўскай станіцы». Турыстычна-адукацыйны комплекс будзе адным з найбольш сучасных у гэтай частцы Еўропы, кажа намеснік войта гміны Мельнік Катажына Турасенска-Дурлік.
– Гэты парк павінен стаць цэнтрам адпачынку і навукі. Гэта будзе адмысловы гістарычны Дыснейленд, у якім можна пафехтаваць на шаблях, пасядзець у зале Сянкевіча і пачытаць кнігі, можна будзе апрануць старое ўбранне, рэальнае і віртуальнае ў спецыяльным пакоі, можна аглядаць кіно 7D, наведаць залы, прысвечаныя традыцыйным рамёствам.
Стварэнне Гістарычнага парку «Трылогія» пачнецца ў красавіку наступнага года, а завяршэнне першай часткі інвестыцый запланавана на канец 2014 года. Аднак ужо ў час будаўніцтва комплекса будуць праводзіцца адукацыйныя майстар-класы, напрыклад, з традыцыйнага драўлянага будаўніцтва.
Радаслаў Дамброўскі