https://www.traditionrolex.com/8
<p>Беларускія скульптары завяршылі выраб згаданых памятных дошак</p>

Па ініцыятыве Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы да канца бягучага года ў Вільнюсе будзе ўстаноўлена памятная дошка Якубу Коласу, а таксама адноўлена памятная дошка Янку Купалу.

Ініцыятыва беларускага боку падтрымана ўладамі Вільнюса падчас правядзення ў верасні 2012 г. Дзён культуры Беларусі ў Літве.

Беларускія скульптары завяршылі выраб згаданых памятных дошак.

Памятная дошка народнаму паэту Якубу Коласу створана народным мастаком Іванам Міско і беларускім архітэктарам Андрэем Жылінскім. У Вільнюсе дошка зойме пачэснае месца на будынку па вуліцы Піліма, 26, дзе ў 1907 годзе жыў і працаваў народны паэт.

Памятная дошка Янку Купалу створана маладымі беларускімі скульптарамі Сяргеем Аганавым і Вольгай Нячай. Размесціцца дошка на вуліцы Вільняўс, 14, дзе ў 1914-1915 гадах знаходзілася рэдакцыя газеты «Наша Ніва», рэдактарам якой з’яўляўся народны паэт Янка Купала.

Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь таксама ініцыявана стварэнне і ўстаноўка ў г. Рызе памятнай дошкі народнаму паэту Янку Купалу. Дошка створана маладым беларускім скульптарам Паўлам Вайніцкім. Да канца бягучага года яна размесціцца на будынку беларускай школы ў Рызе, якая носіць імя народнага паэта.

Даведачна: За апошнія гады быў рэалізаваны шэраг манументальных праектаў па ўшанаванні памяці славутых дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі за мяжой. Сярод найбольш значных можна вылучыць стварэнне помніка Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве і памятнай дошкі Францішку Багушэвічу ў Вільнюсе. Ажыццяўляецца праца па стварэнні помнікаў Уладзіміру Мулявіну ў Екацярынбургу і Сімяону Полацкаму ў Маскве.

https://www.traditionrolex.com/8