Нямногія турысты ведаюць, што ў Троках існуе не толькі вядомы замак пасярод возера, а і яшчэ адзін, які быў пабудаваны ў 1375 годзе на цяжкадаступным месцы, паміж азёрамі і балотамі.
Падарожнік Жыльбэр дэ Лануа, які наведаў Трокі ў 1414 годзе, прыводзіць такое апісанне замкаў: «Пакінуўшы Вільню і вяртаючыся ў Прусію, я праязджаў па Літоўскаму каралеўству. Па дарозе мне сустрэўся вельмі вялікі горад, завецца ён Трокі. Горад гэты забудаваны дрэннымі, запар драўлянымі дамамі і цалкам не абаронены. У горадзе ёсць два замкі, з якіх адзін вельмі стары, пабудаваны з дрэва і ўмацаваны валам з зямлі (мабыць, гліны). Стары замак пабудаваны на самым беразе возера, але іншым бокам ён выходзіць на сушу, а другі замак знаходзіцца пасярэдзіне возера, на адлегласці гарматнага стрэлу ад старога. Гэты замак зусім новы, складзены з цэглы...».
У час вайны паміж Расіяй і Швецыяй у 1655 годзе вось гэты другі замак быў разбураны. У цяперашні час захавалася некалькі абарончых вежаў і руіны абарончых сцен. Уваходныя вежы былі адрэстаўраваныя толькі ў гэтым годзе, і зараз там месціцца музей, які і быў галоўным арганізатарам сярэднявечнага фестывалю. Арганізатарамі ж часткі для лучнікоў з’явілася «Літоўская асацыяцыя стральбы з лука».
Сістэма МАS (Medieval Archery System) – гэта агульны вопыт мастацтва стральбы з лука, якое ахоплівае дзесяць стагоддзяў. Справа ў тым, што ў гэтай сістэме прымаюць удзел толькі лучнікі, якія страляюць з традыцыйных лукаў. Гэтая сістэма была распрацавана для папулярызацыі Сярэднявечча і гісторыі стральбы з лука.
Хочацца дададць, што частка дысцыплін MAS існавала ў розныя гістарычныя перыяды. Напрыклад, у XIV–XV стагоддзях была распаўсюджана стральба навесам па гарызантальнай мішэні з вялікіх, ад 100 метраў, адлегласцей. І называлася яна Clout Shooting. Менавіта з такіх гістарычна апраўданых тэхнік і складалася праграма турніра.
Майстар за працай
Фестываль увогуле быў больш разлічаны на турыстаў. Уваход на тэрыторыю замка каштаваў 10 літаў для ўсіх груп насельніцтва і 5 літаў для студэнтаў і дзяцей.
Унутры былі арганізаваны розныя забаўкі як для дзяцей, так і для дарослых. Маленькіх наведвальнікаў каталі на механічным кані – рэканструкцыі сапраўднага сярэднявечнага атракцыёна, выява якога была знойдзена ў крыніцах.
Як і на любым іншым сярэднявечным фествывалі, як зараз, так і раней, не абыходзіцца без бойкага гандлю. Набыць можна было што заўгодна, улічваючы, канешне, сярэднявечную тэматыку. Шкуры дзікіх кабаноў, самаробныя ліхтары ды традыцыйныя духмянасці. Набыць можна было і сапраўдныя лукі і стрэлы.
Сярэднявечны атракцыён – вадзяны млын
Маленькім наведвальнікам супрацоўнікі музея прапанавалі намаляваць Сярэднявечча так, як яго ўяўляюць яны самі. А потым тут жа была зладжана выстава, куды ўвайшлі ўсе без выключэння малюнкі.
Не засталіся без увагі і аматары сярэднявечнай кухні – імправізаваная карчма прапанавала пакаштаваць розныя цікавыя стравы. Яблыкі печаныя з арэхамі, старадаўнія чыпсы, піва з мёдам, розныя запеканкі… За асобную плату, канешне. Аднак, калі параўноўваць з прыбрэжнымі кавярнямі, то кошты тут былі значна ніжэйшыя. Ежу можна было набыць ад 3 да 10 літаў. У горадзе, дзе продаж ежы разлічаны на турыстаў, усё было даражэй. Напрыклад, кебаб каштаваў ужо ад 8,5 літа, а знакамітыя караімскія супы ў хлебе – ад 10.
Фестываль працягваўся два дні, і два дні праходзілі спаборніцтвы сярод лучнікаў. Нарэшце, пасля сапраўды доўгай барацьбы, а ўдзел у ёй прымала каля 40 лучнікаў з Украіны, Расіі, Польшчы і Беларусі, былі вызначаныя пераможцы. Сярод мужчын першае месца заняў прадстаўнік Літоўскай асацыяцыі стральбы з лука, а вось сярод дзяўчат – беларуска Карына Трычык.