Як паведамляе «Твой стыль»:
І вось так, самотны, выйдзеш на вуліцу, глянеш у блакітнае неба… Для тых, хто марыць пра падарожжы, хаця б і віртуальныя, прапаную зайсці на адпаведны сайт. Тут у рэжыме рэальнага часу можна адсочваць палёты самалётаў (як рэйсавых, так і чартаў) дзе заўгодна, у прыватнасці, і ў беларускім небе.
Вось над Зэльвай праплывае самалёцік. Так, што гэта за рэйс? А-319, ляціць з Прагі ў Екацерынбург на вышыні 11 887 метраў. А вось у адваротным кірунку прыкладна ў тым жа раёне рухаецца Боінг-777, рэйс Ганконг–Парыж. Вось Боінг-737 перасякае літоўска-беларускую мяжу, пралятае непадалёк ад Гродна. Рэйс Рыга–Анталья, пасажырам можна толькі пазайздросціць.
Столькі самалётаў адначасова над Еўропай
Тым часам над Ваўкавыскам амаль на дзесяцікіламетровай вышыні праходзіць прыгажун швейцарскай авіякампаніі Swiss, накіроўваючыся з Жэневы ў Маскву. А вось прыкладна там жа з’яўляецца паветраны карабель, які ажыццяўляе рэйс Парыж–Гуанчжоў. Цікава, самалет – не традыцыйны «Боінг» ці «Аэробус», а менш знаёмы МД-11.
Ад віртуальнай дыспетчарскай немагчыма адарвацца. Аказваецца, над намі, на агромнай вышыні, ідзе вельмі напружанае жыццё. Дарэчы, пры дапамозе гэтага сайта можна назіраць за любым канкрэтным самалётам у любой кропцы зямнога шара, глядзець, як праходзіць палёт вашых сваякоў ці знаёмых.
Узляцеўшы ў Парыжы, самалёт хутка быў у беларускім небе
Усё, заканчваю набіраць гэты тэкст, вяртаюся да самалётаў. Што там новага ў небе? Да Мастоў набліжаецца «Аэробус» з Масквы, пункт прызначэння – Марсель. Праляцеў Масты, хутка набліжаецца да беларуска-польскай мяжы. Ну, як спяваецца ў папулярнай цяпер песні: «А там яшчэ нямнога – і Праванс…».
Юрый Камягін