У 2014 годзе пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у Выдавецкiм доме «Звязда» выйшла ў свет кніга «Францыск Скарына на мовах народаў свету».
У выданні ўпершыню прадстаўлены пераклады прадмовы Францыска Скарыны да кнігі «Юдзіф» на 64 мовы народаў свету, што робіць значны ўклад у спадчыну Францыска Скарыны. Тэксты прадстаўлены на рускай, англійскай, балгарскай, італьянскай, кітайскай, польскай, французскай, японскай і іншых мовах. Са старабеларускай пераклад зрабіў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесь Разанаў. Некаторыя мовы прадстаўлены некалькімі перакладамі: напрыклад, руская – трыма, крымска-татарская – двума, нямецкая – трыма, сербская – трыма, удмурцкая – двума.
Пераклады з’яўляюцца шляхамі да асэнсавання слоў беларускага першадрукара, выказаных душой і сэрцам амаль 5 стагоддзяў таму. Прадмову да кнігі напісаў кнігазнаўца, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша, дзе адзначыў, што Францыск Скарына адкрыў перад нашымі продкамі прастору новых магчымасцяў і шляхоў далейшага развіцця, ні многа ні мала – змяніў увесь сусвет беларусаў.
Кніга «Францыск Скарына на мовах народаў свету» вылучаецца багатым ілюстрацыйным матэрыялам. У выданні прадстаўлены гравюры Францыска Скарыны. Напрыканцы – выявы тытульных лістоў скарынаўскіх выданняў. Дызайн кнігі распрацаваны Вячаславам Паўлаўцом і Валерыем Рагалевічам.
Такія творчыя праекты развіваюць цікавасць да беларускай культуры, да Беларусі ўвогуле.
У межах прэзентацыі на кальцавым калідоры 3-га паверха падрыхтавана юбілейная кніжная выстаўка «Палачанін» да 525-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны (~1490 – ~1551).
Тэл. для даведак: +375 17 293-27-56, +375 29 293-29-80.