https://www.traditionrolex.com/8
<p>За савецкімі часамі трэба было пастарацца, каб дастаць пуцёўку ў элітны  санаторый. Іх выбівалі загаддзя, па блату. Вандроўку планавалі на год  наперад. А цяпер у гэтых санаторыях абвальваецца цэгла. І там, дзе Ніл  Гілевіч пісаў свае вершы, зараз расце бур’ян.</p>

Адар’я ГУШТЫН

За савецкімі часамі трэба было пастарацца, каб дастаць пуцёўку ў элітны санаторый. Іх выбівалі загаддзя, па блату. Вандроўку планавалі на год наперад. А цяпер у гэтых санаторыях абвальваецца цэгла. І там, дзе Ніл Гілевіч пісаў свае вершы, зараз расце бур’ян.

Разбураны санаторый ацанілі амаль ў 355 тыс. долараў

Санаторый «Лясное» ў Валожынскім раёне пабудавалі ў пачатку 1970-х гадоў. У свой час гэта было элітнае месца для адпачынку. Нават зараз, калі танцпляцоўка зарасла травой, а шкло ў шыбах павыбівалі, бачна, наколькі велічным быў гэты будынак.

Апісанне санаторыя зараз можна адшукаць найперш на сайтах для аматараў экстрымальнага адпачынку. У такіх будынках сталкеры ладзяць спаборніцтвы. «Сам санаторый з'явіцца пасля таго, як вы павернеце з-за лесу. Толькі не палохайцеся – закінуты велізарны будынак, вышынёй з 10-павярховы дом, з вежай-вышкай ў выглядзе карабля, сапраўды выклікае панурае ўражанне», – чытаем апісанне на форуме сталкераў. Занядбаным санаторый стаў пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Тады з’явілася інфармацыя, што на месцы санаторыя ўтварылася радыёактыўная пляма. Цяпер ля ўваходу ў будынак нацягнуты сіні дрот, які вядзе да сігналізацыі. Вартаўніка на месцы няма, таму многія вандроўнікі перакрочыўшы дрот, апынаюцца ўнутры будынка. Карціна блізкая да той, якую мы бачым ў сюжэтах пра чарнобыльскія рэгіёны, адкуль прымусова высялялі людзей. Іржавыя трубы, абсыпаная тынкоўка, звонку абвалілася цэгла і даўно ў аварыйным стане гаўбцы. 25 год будынак без дагляду, без ацяплення і без людзей.

Ля цэнтральнага ўваходу захавалася старая шыльда – санаторый «Лясное» Міністэрства сувязі БССР. У сучасным міністэрстве пра гэты санаторый нічога не ведаюць. І апошнім ягоным уладальнікам было УП «Геасэрвіс». «За гэты час будынак каму толькі ні належаў: і Міністэрству сувязі, і Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва, пасля вось нашаму прадпрыемству. У нас яго абяцала выкупіць Міністэрства аховы здароўя – для прымусовага лячэння хворых на сухоты, але пасля яны адмовіліся ад гэтага», – заўважае дырэктар Пётр Лісоўскі. Ён дадае, што ў ліпені будынак выставілі на аукцыён. Паводле паведамлення аб правядзенні адкрытага аукцыёна Фонда «Мінскаблдзяржмаёмасці», уладальнік выставіў кошт у экві­валенце 354 900 долараў. Пакупнік не знайшоўся, і «Геасэрвіс» зараз ізноў пераацэньвае маёмасць і спрабуе заявіць санаторый на аукцыён паўторна.

Пісьменнікі згубілі «Дом твор­часці»

На іншым беразе Іслачы калісьці таксама віравала жыццё. Тут знаходзіцца «Дом творчасці», куды на адпачынак прыязджалі беларускія літаратары. Пісьменнік Алесь Пашкевіч узгадвае, як у 70-х гг. Савет Міністраў БССР зацвердзіў будаўніцтва дома для творчай дзейнасці і адпачынку пісьменнікаў. «Дагэтуль пісьменнікі адпачывалі ў невялікім драўляным доме ў Каралішчавічах. Але месца там не хапала, таму і пабудавалі «Дом творчасці» ў хваёвым бары пад Ракавам», – кажа спадар Пашкевіч. Ён узгадвае, што у 80-я для Іслачы быў сапраўдны зорны час. «Палова напісанага і задуманага беларускімі пісьменнікамі ў гэты перыяд рабілася менавіта тут  – у «Доме творчасці», таму для літаратараў гэта сапраўдная страта».

Пісьменнікам давялося прадаць санаторый  – пасля распаду СССР утрымліваць яго для грамадскай арганізацыі было занадта дорага. Справа з продажам «Іслачы» пачалася ў 2003 годзе. «Дом творчасці» належаў Беларускаму літаратурнаму фонду, які займаўся тэхнічнымі пытаннямі жыцця пісьменніцкай супольнасці: спрыяў выданню кніг, арганізацыі адпачынку, дапамагаў матэрыяльна. Па рашэнні Вышэйшага гаспадарчага суда будынак выставілі на аукцыён. Яго набылі за 5,5 млрд руб. Сёння будынак занядбаны і чакае рэканструкцыю. На адным з форумаў турыст апісвае ўбачанае: «Выбітыя вокны, раскіданыя ў бібліятэцы кнігі, стаянка, якая зарасла травой, – будынак як быццам бы пасля катастрофы нейкай». Аднак ў доме дзяжурыць вартаўнік, які кажа, што ўсё самае цікавае і каштоўнае адсюль даўно вывезлі. Хто набыў месца сустрэчы творчай інтэлегенцыі – невядома. У «Беллітфондзе» кажуць, што грошы за прададзены будынак на іх рахунак так і не паступілі.

На месцы савецкага пансіяната – «Рыцарскі замак»

Такі самы лёс мог чакаць і пансіянат Саюза тэатральных дзеячаў. У канцы 80-х гг. у Астрашыцкім гарадку ля Мінску пабудавалі трохпавярховы дом для адпачынку. Але ў 1991 годзе распаўся СССР, і ўзніклі сур’ёзныя праблемы з фінансаваннем. Каля 15 год гэты пансіянат ніхто не абслугоўваў. А некалькі год таму яго вырашылі аднавіць. Старшыня ТАА «Рыцарскі замак» Дзмітрый Нясцюк узгадвае, як паўтары гады тут выпраўлялі праблемы з каналізацыяй, аднаўлялі сантэхніку. «У нас шмат планаў на гэты будынак. Ужо зараз функцыянуе гасцініца, якая стабільна на 80% запаўняецца турыстамі. Але мы не спыняем аднаўленне. Яна будзе цалкам аформленая ў сярэднявечным стылі», – кажа ён. Дарэчы, стылізацыю дапамагае рабіць прафесійны рэстаўратар з Міра. І на бліжэйшыя выходныя ўсе месцы ў гасцініцы забраніраваныя – тут будзе праходзіць рыцарскі фэст «Белы замак». «Многія турысты, што прыязджаюць у сталіцу, вырашаюць спыніцца ў нас, бо гэта зусім недалёка ад горада і каштуе ўсяго 42-49 тыс. рублёў», – кажа спадар Нясцюк.

Кліентаў тут чакаюць круглы год. Увесь час  працуюць кухня, кафэ. Так што некаторыя турысты жывуць месяцамі. З адметнасцяў – рыцарская атрыбутыка і цудоўная прырода – пансіянат знаходзіцца пасярод леса. Вось так будынак, за які амаль ў аварыйным стане ўзяліся рыцары, патрошку ажывае, а ад турыстаў ужо адбою няма.

У чаканні інвестара

Тым часам дзясяткі санаторыяў працягваюць панура стаяць у беларускіх лясах. У кожнага з іх фармальна ёсць гаспадары, але ў прадпрыемстваў хапае іншых клопатаў. Дырэктар УП «Геасэрвіс» Пётр Лісоўскі адзначыў: «Аднаўляць санаторый «Лясное» – ніякай выгоды для нас. Таму і прадаем яго ў такім разбураным стане».

Дзяржаўны камітэт па маёмасці прапаноўвае некалькі варыянтаў вырашэння праблемы. Першы варыянт – зносіць будынак і перадаваць зямлю райвыканкаму, другі – будаваць новы аб’ект ці афармляць зямельны ўчастак і трэці – выстаўляць аб’ект на аукцыён.

На паперы ўсё выглядае сапраўды проста, аднак многія прадпрыемствы, на балансе якіх знаходзяцца санаторыі, не маюць сродкаў нават на тое, каб знесці будынак і прыбраць смецце.

Закінутыя беларускія санаторыі могуць ажыць. Зараз яны чакаюць гаспадарлівага інвестара.  І застаецца спадзявацца, што да гэтага часу іх не раскрадуць да апошняй цэглы «прадпрымальныя» грамадзяне.

https://www.traditionrolex.com/8