У Кіеве пройдзе фестываль, прысвечаны культуры Парыжа
З 13 верасня па 10 кастрычніка ў сталіцы Украіны пройдзе фестываль «Парыж які ён ёсць». Па словах арганізатараў, імпрэза заклікае па-новаму паглядзець на партрэт сучаснай і мультыкультурнай сталіцы Францыі. У рамках фестывалю пройдуць паказы французскіх фільмаў, канцэрт гурта «French Kiss Tour», выстава фотаздымкаў Жэрара Юфераса «Закаханы ў Парыж», а таксама сустрэча з пісьменнікам Бертранам дэ Сен-Венсаном – аўтарам кнігі «Увесь Парыж».
Цырк у цэнтры Вільнюса
З 24-28 жніўня ў Літве пройдзе шосты фестываль Новага цырка Savaitgalis'11. Што цікава, выступленні пройдуць не толькі на закрытых пляцоўках, але і ў цэнтры – на вуліцах Старога горада.
Гэтым арганізатары падкрэсліваюць, што цыркавое мастацтва стане даступным для ўсіх. У праграме абяцаюць акрабатычныя трукі, нечаканыя вобразы жанчынаў з вусамі і шматлікія фокусы, у якіх могуць сябе паспрабаваць і гледачы.
Славутасці Усходу ў Варшаве
У перыяд з 26 па 28 жніўня тут пройдзе фестываль «Лікі Усходу». Аматараў усходняй культуры чакаюць такія славутасці, як вывучэнне ўсходніх моў, танец жывата і медытацыі, – усе заняткі пройдуць у форме семінараў у Доме культуры. Фінальныя мерапрыемствы – канцэрт і выставы жывапісу.
У Маскве – рэканструкцыя ваеннага бою
У межах святкавання Дня горада, які традыцыйна адзначаецца ў першыя выходныя верасня (сёлета – 3 і 4 верасня), упершыню адбудзецца Фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі. Фестываль будзе праходзіць на тэрыторыі музея-запаведніка Каломенскае і, як лічаць улады, зможа стаць візітнай карткай сталіцы, набыўшы не меншую папулярнасць, чым фестываль ваенна-духавых аркестраў «Спаская вежа», які на працягу некалькіх гадоў рэгулярна праводзіцца ў горадзе.
Варта адзначыць, што сталічныя ўлады называюць першачарговай задачу актывізаваць падзейны турызм і рэгулярна ладзіць у горадзе мерапрыемствы, арыентаваныя як на бізнесмэнаў – сімпозіумы або кангрэсы, так і на турыстаў з Расіі і замежных краін – яркія і відовішчныя прадстаўленні і фестывалі.