Адар’я ГУШТЫН
Традыцыйны фестываль-кірмаш «Залессе запрашае сяброў» пройдзе ў суботу 6 жніўня ў мястэчку Залессе.
Да ўдзелу ў свяце арганізатары запрашаюць майстроў народнай творчасці, калектывы мастацкай самадзейнасці і ўсіх, хто жадае цікава і змястоўна правесці гэты дзень.
На фестывалі госці змогуць набыць вырабы мясцовых майстроў, пакаштаваць стравы залескіх гаспадынь, пачаставацца напоямі і адварамі народнай кухні, падсілкавацца салам, яйкамі, поліўкай. Будзе таксама магчымасць паглядзець выступленні мясцовых калектываў мастацкай самадзейнасці і сольных выканаўцаў, а таксама гасцей з Польшчы (этнаграфічны калектыў «Цаглінкі»), Масквы (фальклорны гурт «Кірмаш»), Віцебска (калектыў мастацкай самадзейнасці «Віцебскаблгаз») і суседніх Жодзішкаў (гурт песні і танца «Вечарынка» Жодзішкаўскага Дома культуры).
Апроч таго, госці мястэчка змогуць наведаць сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага, куды знакаміты кампазітар пераехаў у пачатку ХІХ стагоддзя. Менавіта ў Залессі з’явіўся ягоны знакаміты паланэз «Развітанне з Радзімай». Жыхары Залесся гатовыя запрасіць гасцей і на свае імправізаваныя падворкі.
Мястэчка Залессе знаходзіцца ў Смаргонскім раёне. Даехаць туды можна аўтобусам з Мінску. Адлегласць – 120 км, час у дарозе – дзве гадзіны. Пачатак свята ў 12.00.