https://www.traditionrolex.com/8
<p>Нядаўна ў выдавецтве «Літаратура і мастацва» убачыла свет незвычайная  кніга – «Сакральная геаграфія Беларусі». Гэта не падручнік і не  турыстычны даведнік, але калі вы цікавіцеся, чым жыве і дыхае сапраўдная  Беларусь, і марыце адшукаць куточкі, дзе няма фальшы і агідных  прыкметаў «саўка», абавязкова знайдзіце «Сакральную геаграфію» у  кнігарні. Аўтары кнігі, археолаг Людміла Дучыц і журналіст Ірына  Клімковіч, больш за дзесяць гадоў вандруюць па Радзіме, даследуючы  сакральныя мясціны – рэкі, азёры, крыніцы, камяні, курганы, гарадзішчы,  дарогі і ўзгоркі.</p>

vokl-braslav-got-cur Нядаўна ў выдавецтве «Літаратура і мастацва» убачыла свет незвычайная кніга – «Сакральная геаграфія Беларусі». Гэта не падручнік і не турыстычны даведнік, але калі вы цікавіцеся, чым жыве і дыхае сапраўдная Беларусь, і марыце адшукаць куточкі, дзе няма фальшы і агідных прыкметаў «саўка», абавязкова знайдзіце «Сакральную геаграфію» у кнігарні. Аўтары кнігі, археолаг Людміла Дучыц і журналіст Ірына Клімковіч, больш за дзесяць гадоў вандруюць па Радзіме, даследуючы сакральныя мясціны – рэкі, азёры, крыніцы, камяні, курганы, гарадзішчы, дарогі і ўзгоркі. У кнізе шмат фотаздымкаў, прывезеных даследчыцамі з экспедыцый, а кожны радзел адкрываецца малюнкам мастачкі Алены Жданоўскай.

portr

Сёння мы размаўляем з архео-лагам, кандыдатам гістарычных навук Людмілай Дучыц пра тое, ці могуць сакральныя помнікі стаць папулярнымі турыстычнымі аб’ектамі, пра паганскія звычаі, якія дзіўным чынам захаваліся на Беларусі на пачатку XXI стагоддзя, і пра святы, якія пакуль што нельга знайсці ў ніводным календары.

– Людміла Уладзіміраўна, як нарадзілася ідэя кнігі?

– У канцы 90-х гг. мы пазнаёміліся з Ірынай Клімковіч. Яна была ініцыятаркай складання слоўніка беларускай міфалогіі, звязвалася з археолагамі, этнографамі, збірала ўсіх разам. Мы часта сустракаліся, спрачаліся, больш-менш высветлілі ўсе нюансы з міфалогіяй, хоць пасля доўга не ведалі, дзе надрукаваць гэтую кнігу. Ірына некалькі разоў з’ездзіла са мной на раскопкі ў Лагойскі раён. Тады ў раскопках удзельнічалі валанцёры: маладыя людзі, студэнты, якія працавалі бясплатна, бо гэта ім было цікава. Якраз падчас тых раскопак у Ірыны ўзнікла ідэя падарожнічаць па Беларусі: наймаць за свой кошт мікрааўтобус і вандраваць, збіраючы матэрыялы. Так што ідэя кнігі належыць Ірыне Клімковіч. Вядома, я апантана падтрымала гэтую ідэю, бо, акрамя археалогіі, цікаўлюся і этнаграфіяй. Якраз 19 жніўня 2000 года адбылася наша первая вандроўка. Мы пазначылі на карце восем месцаў, якія хацелі б наведаць, Ірына знайшла шафёра. Першая экспедыцыя была на Случчыну.

– Вы так дакладна памятаеце дату?

– Мы стараемся прымяркоўваць свае вандроўкі, асабліва апошнім часам, да мясцовых святаў, фэстаў, якія адбываюцца ў сакральных месцах. Дык вось, нам казалі, што там, на калодзежы каля вёскі Дарасіно ў Любанскім раёне, на Спас адбываецца вялікі фэст. У жніўні са старажытных часоў у народзе адзначалі спасаўскія святкі, што складаліся з трох частак. Першы Спас – Мядовы – адзначаўся 14 жніўня і меў назву Свята Макавея. Якраз яго можна лічыць «крынічным святам», падчас якога людзі неслі даніну вадзе. Другі Спас – Яблычны – адзначаецца 19 жніўня, у хрысціянскім календары гэта Праабражэнне Гасподне. Трэці, Хлебны Спас, адзна-чаецца 28 жніўня і ў хрысціянскім календары прымяркоўваецца да Унебаўзяцця Божай Маці. Дык вось, ля вёскі Дарасіно фэст адбываецца якраз на Макавея, 14 жніўня, і тады мы на яго не трапілі. Але пасля пабывалі на гэтым фэсце ужо некалькі разоў, і нават разам з тэлебачаннем, якое зрабіла фільм, прысвечаны гэтаму святу.

Звесткі пра многія крыніцы, калодзежы я знайшла ў архіве Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дзе захоўваюцца так званыя «Апытальныя лісты». У 1924–1928 гг. Народны камісарыят асветніцтва (вядомы як Наркомпрос) рассылаў анкеты па ўсіх валасцях тагачаснай Беларусі. Адказы падшытыя па паветах, і там можна знайсці безліч цікавай інфармацыі. Дваццатыя гады мінулага стагоддзя – час, калі яшчэ не пачалася хваля барацьбы з крыніцамі і наогул святынямі. І між іншым, у тых «Апытальных лістах» знайшлася інфармацыя і пра гэты калодзеж. У 1998 г. мы пабывалі там з супра-цоўнікамі Любанскага музея. Тады крыжы вакол гэтага калодзежа стаялі паўколам і былі так захутаныя ручнікамі, што здалёк нагадвалі жаночыя постаці у святочных народ-ных строях. А потым ужо царква стала браць усе крыніцы пад сваю апеку, і зараз засталося ўсяго адзін-два крыжы. Аўтэнтычнасць месца ўжо парушаная. Але ў 2000-2001 гг. мы засталі крыху архаікі. У кнігу ўвайшлі матэрыялы з амаль 100 экспедіцый.

Барысаўскі-вХростБабинаГара

– У археолагаў – наогул наву-коўцаў – свае мэты, яны займаюцца навуковай распра-цоўкай тэмы. Але ваша кніга разлічаная на шырокае кола чытачоў. Навошта гэтыя веды шырокаму колу? Што яны могуць змяніць у нашым светапоглядзе, стаўленні да прыроды, мінулага, у нацыянальнай самасвядомасці?

– Шырокаму колу нашага грамадства наогул не зашкодзіць пашырыць веды па гісторыі. А што датычыць тэмы сакральных месцаў, дык у апошняе дзесяцігоддзе навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя ёй, ладзяцца ва ўсім свеце. На жаль, Беларусь амаль не прадстаўлена на такіх канферэнцыях. Крыніцы, камяні – спрадвечныя мясціны, дзе людзі пакланяліся сваім боствам. На месцы гэтых паганскіх капішчаў пазней будаваліся хрысціянскія храмы. У савецкія часы ўзрывалі камяні, разбуралі крыніцы, закопвалі каменныя крыжы – змагаліся з са-кральнымі мясцінамі гэтаксама, як з храмамі. Гэты працэс у нечым нагадвае прыход хрысціянства, калі знішчалі, скідалі ў вадаёмы, закопвалі паганскіх ідалаў… Тое ж адбывалася, калі прыйшла «бальшавіцкая» вера: тады знішчалі хрысціянскія помнікі, разбуралі цэрквы і касцёлы. Але дзесьці глыбока ў лясах, куды не дабраліся мясцовыя камсамольцы, людзі аберагалі, як маглі, свае спрадвечныя святыні. Дзе б мы ні вандравалі, нам усюды распавядаюць, як раней абаранялі тыя ці іншыя камяні, крыніцы, як людзі клаліся пад бульдозеры, як вартавалі і ахоўвалі святыні...

Зараз шмат інфармацыі, асабліва пра крыніцы, знаходзяць і друкуюць краязнаўцы, у тым ліку ў мясцовых газетах, што сведчыць пра велізарную цікавасць краязнаўцаў да такіх помнікаў. Гэта зусім новыя для іх аб’екты. Пра іх мала ведаюць, мала пісалі ў савецкія часы. Пра іх пісалі, іх вывучалі ў 20-я гады, а пасля пачалі знішчаць, і ўся інфармацыя знікла. У навуковых, энцыклапедычных выданнях яна зноў пачала з’яўляцца ў 50–60-х гадах. Але гэта былі адзінкавыя выпадкі. Асноўная інфармацыйная плыня пачалася ў 80-я гады. Для краязнаўцаў гэтыя помнікі цікавыя не толькі ў сувязі з гісторыяй, але і як прыродныя аб’екты. Крыніцы, камяні, узгоркі вывучаюць не толькі археолагі ды гісторыкі, але і біёлагі; ёсць навуковыя працы, прысвечаныя атачэнню крыніц. Ужо вядома, што ля крыніц фарміруецца своеасаблівы раслінны і жывёльны свет. А з іншага боку, крыніцы – гэта яшчэ і нейкі таямнічы духоўны цэнтр. Сёння, напрыклад, ужо вядома, што амаль кожная крыніца, як царква, мела свой прыход. Дый зараз маюць. Як і сваё свята, дарэчы, таксама. Гэта такі нябачны пласт культуры – таму абудзілася цікавасць у краязнаўцаў. А духоўны свет – гэта вельмі істотна для крыніц, асабліва ў савецкія часы. Таму што калі цэрквы і касцёлы былі знішчаныя, камяні і крыніцы зноў сталі месцамі культа, заступілі месца храмаў. Уявіце: крыніца за некалькі кіламетраў ад вёскі, недзе ў балоце, і туды людзі збіраліся па святах, там нават хрысцілі дзяцей – гэта насамрэч быў храм, толькі патаемны. А ёсць мясціны – гэта ўжо звязана з барацьбой паміж каталікамі і праваслаўнымі на Беларусі, – дзе пасля паўстання 1863 года патаемна збіраліся маліцца каталікі. Узгорак, камень, святы калодзеж… У народзе гэтыя аб’екты называюцца «прошчы» – месцы, надзеленыя, як вераць людзі, надзвычайнай сілай. І асабліва часта ролю храмаў выконвалі крыніцы.

Люда-з-бабулей

– Якія легенды, сюжэты, падзеі, связаныя з сакральнымі аб’ектамі, вас найбольш асабіста ўразілі?

– Уразіла Сарафін-гара (альбо Сірафім-гара) каля вёскі Суцін у Пухавіцкім раёне. Ёсць гістарычныя звесткі пра тое, што там стаяў касцёльчык, захаваліся шляхецкія могілкі. Аказваецца, там жыве традыцыя ладзіць фэсты на дзень святога Антонія. І фэсты збіраюць такую колькасць людзей – падчас свята вакол гары сотні машын! У 2002 годзе былі ў вёсцы Шапялевічы Круглянскага раёна, на мяжы з Бялыніцкім. У лесе ля вёскі ёсць Святое возера. Пра яго даходзіла шмат чутак. Людзі, якія ведаюць пра нашы вандроўкі, заўсёды шчодра дзеляцца інфармацыяй пра свае родныя мясціны. Нам паведамілі, што на гэтым возеры штогод 7 ліпеня адзначаюць свята Яна Хрысціцеля. Купалле святкуюць з 6 на 7 ліпеня, а 7-га святары с Мінска, з Бялыніч едуць на гэтае лясное возера, і там адбываецца вадасвяцце. Мы пад’язджаем – і бачым, што машыны ідуць плыняй, кіруюцца проста ў лес. Мы спыніліся на прыпынку – дык нам, нічога нават не пытаючыся, мясцовыя людзі кажуць: туды возера, туды! Мы кіруем у лес, а на лясных дарогах стаяць міліцыянеры-рэгуліроўшчыкі! Даехалі да возера, а там нават цяжка знайсці месца, дзе машыну паставіць. Прыязджаюць на конях, на матацыклах, на роварах… Нейкія пратаптаныя сцежкі, дзе гуляюць бабулькі. І ўсё гэта недзе ў кіламетры ад трасы! Калі не ведаць, дык ніколі не здагадаешся, што ў двух кроках ад сучаснай цывілізацыі адбываецца штосьці незвычайнае, патаемнае, пульсуе іншае жыццё, нейкі паралельны свет. І я ўявіла, асабліва зірнуўшы на гэтыя засланыя посцілкамі падводы, што тысячу га-доў назад тут усе было так, як цяпер, хіба што машын не было і вопратка змянілася. Гэта «раскручанае» свята: там гандлююць аўталаўкі, дзяжурыць міліцыя, намёты стаяць. На жаль, мы ў час сваіх вандровак не маем магчымасці надоўга заставацца на адным месцы: трэба паспець убачыць усё, што было запланавана. Мы паехалі праз навакольныя вёскі – а яны як вымерлі, бо ўсе там, на фэсце! Стаяць сталы, усюды кладкі, людзі акунаюцца. А бабулі зрываюць дубовыя галінкі з дубкоў, ідуць на кладачкі і акунаюць іх у ваду. Калі я спыталася, навошта яны гэта робяць, мне патлумачылі, што цяпер гэтыя лісцейкі будуць да наступнага года ляжаць за абразамі ў хаце.

– Адчуваецца, што гэта яўна не хрысціянскі звычай, хутчэй з паганскіх часоў. Наогул, захавалі-ся шматлікія паганскія абрады, звычаі, звязаныя з крыніцамі, камянямі. Беларусы ў глыбіні душы застаюцца прыхільнікамі паганства?

– Справа ў там, што ва ўсім свеце адной з ментальных рысаў беларусаў лічыцца якраз спалучэнне паганства і хрысціянства. Гэта адна з асноўных рысаў, што вылучаюць беларусаў сярод іншых нацый. Яшчэ ў XIX стагоддзі этнографы адзначалі гэтую асаблівасць: бывае, і царкву ў вёсцы пабудуюць, але людзі ідуць туды для выгляду, а сапраўдная царква, дзе шчыра моляцца, – гэта па-ранейшаму крынічка ў лесе. Дарэчы, шмат інфармацыі пра святы можна знайсці ў «Епархиальных ведомостях» канца XIX стагоддзя. Я шукаю гэтыя звесткі, мы плануем выправу, знаходзім месца – і раптам высвятляецца, што за сто гадоў амаль нічога не змянілася!

– Сюжэты беларускіх легенд, паданняў, якія датычаць пахо-джання камянёў, азёр, часам нагадваюць старажытнагрэчаскія ці біблейскія міфы…

– Так, адзін з самых распаўсюджа-ных сюжэтаў тычыцца паходжання азёр. Апавядаюць, што некалі на месцы возера была вёска, ці горад, ці царква. Такія сюжэты асабліва ўласцівыя для азёр з назвамі Бяз-донніца, Бяздоннае. Сюжэт такі: у вёску прыходзіць Хрыстос пад выглядам старога жабрака, про-сіцца пераначаваць. А людзі ў вёсцы сквапныя, ніхто не хоча яго ўзяць да сябе, і адна толькі бедная ўдава (часам апавядаюць – удава з дзіцем) на ўскрайку вёскі пусціла старога пераначаваць ды накарміла яго, зрабіўшы зацірку з апошняй жменькі мукі. Раніцай дзядок устаў і загадаў, каб гэтая жанчына ішла за ім і не азіралася назад. Яны пайшлі, а як выйшлі за вёску, ззаду пачуўся грукат. Жанчына не вытрымала, павярнулася (у некаторых паданнях – спынілася, каб паправіць лапаць) – і ўбачыла на месцы вёскі возера. За тое, што парушыла Божы загад, яна ператварылася ў камень ці ка-менны крыж. Гэты сюжэт вельмі распаўсюджаны ў Еўропе, а на Беларусі асабліва. Этнографы выказваюць думку, што гэта не простае перайманне біблейскага сюжэту пра жонку Лота, якая ператварылася ў саляны слуп, што гэтыя сюжэты маглі ўзнікаць паралельна. Такое паданне мае вёска Дубяні Барысаўскага раёна, яго дагэтуль апавядаюць старыя людзі. І абавязкова ўспамінаюць той лапаць, які жанчына нібыта спынілася падвязаць. Цікава, што дагэтуль сярод мясцовых жыхароў захаваўся звычай: людзі, калі ідуць ў лес, пакідаюць на камяні лусты хлеба. Па некаторых варыянтах падання, за спіной у жанчыны быў прывязаны дзіцёнак, і яна акамянела разам з дзіцем.

8-кам

– Назвы некаторых валуноў, курганоў, узгоркаў звязаныя сваім паходжаннем з гістарычнымі пер-санажамі. Што гэта за персанажы і ці сапраўды ёсць сувязь паміж назвамі і рэальнымі постацямі?

– Гэта з’ява тычыцца як археалагічных, так і прыродных, сакральных помнікаў. Самыя распаўсюдюжаныя на Беларусі назвы – Французскія ці Шведскія. Зразумела, што гэтыя назвы звязаныя з захопнікамі. Калі паглядзець архіўныя дакументы XVII–XVIII стагоддзя, дык там у дачыненні да курганаў фігуруюць назвы «Валатоўкі» і «Капцы». Раней людзі лічылі, што гэта паганскія магілы, што тут пахаваныя волаты, асілкі, а потым у свядомасці людзей паціху адбываюцца змены. Псіхолагі падлічылі, што гістарычныя падзеі сціраюцца з народнай памяці прыкладна праз дзвесці гадоў. Людзі чуюць нейкія адгалоскі і пачынаюць замяняць волатаў-асілкаў на шведаў, прусаў, туркаў, французаў, татараў – каго толькі няма! Часам нават чуем пра японцаў і кітайцаў! Забытыя падзеі ў народнай свядомасці ўспрымаюцца як штосьці звышнатуральнае. Зразумела, усе гістарычныя падзеі тым ці іншым чынам адкладаюцца ў памяці народнай. Але зусім не так, як у навуковых працах. Калі падзеі вайны аналізуюць гісторыкі, яны выкарыстоўваюць дакументы, абапіраюцца на факты, доказы, а ў народнай свядомасці застаюцца чуткі, згадкі пра чужынцаў-ворагаў – французаў, шведаў. Падчас археалагічных экспедыцый сутыкалася з тым, як сціраецца народная памяць, як знікаюць з яе пэўныя гістарычныя падзеі. Гэта было ў 1985 годзе, мы даследвалі курганы ў Аршанскім раёне і апытвалі насельніцтва. Па літаратуры, гэта пахаванні XI–XII стагоддзяў. А некалькі чалавек з навакольных вёсак былі ўпэўненыя, што тут пахаваныя партызаны, якія загінулі падчас апошняй вайны! Той старажытны пласт ужо забыты, яго заступілі іншыя, больш свежыя гістарычныя падзеі. Вось яшчэ прыклад. Геолагі ў 80-я гады даследвалі ў Іўеўскім раёне камень і даведаліся пра цікавае паданне: нібыта на камяні шведы смажылі баранаў. Сёння, праз дваццаць з нечым гадоў, мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што баранаў смажылі… немцы! Вось такія парадоксы археалагічнай псіхалогіі. У канцы XIX стагоддзя археолагі часцей за ўсё чулі ад мясцовых жыхароў пра шведскія магілы, у канцы XX стагоддзя – пра французскія, а сёння на змену шведам і французам прыходзяць партызаны і немцы. З другога боку, што тычыцца такіх нашых герояў, як Рагнеда, Вітаўт, дык яны па-ранейшаму жывуць у народнай памяці. Чамусьці іх імёны не сціраюцца з цягам часу. Таксама ў шматлікіх легендах фігуруе каралева Бона, але часцей за ўсё гэтыя легенды звязаныя з замкамі. Асабліва там, дзе былі яе ўладанні і будаваліся замкі: у Мядзеле, Радашковічах, Рагачове, Індуры. Бона вылучалася тым, што выдавала шмат указаў, якія датычыліся землеўпарадкавання, намагалася абмежаваць уладу мясцовых магнатаў. У памяці народа адклалася і тое, што Бона была італьянкай, чужаземкай, а ў народнай свядомасці заўсёды назіралася імкненне прыпісаць чужынцам здольнасці чарадзеяў. У шматлікіх беларускіх паданнях чараўніцы – гэта абавязкова чужынкі: цыганкі, шведкі. Была нават адна англічанка-чараўніца – яна, паводле аднаго з паданняў, закляла раку ў Вілейскім раёне.

– Часам, калі ля вёскі працякала рака, нябожчыкаў везлі хаваць на процілеглы бераг ці на выспу – тут таксама прасочваецца аналогія з старажытнагрэчаскімі міфамі пра царства памерлых і раку, па якой нябожчыкі плывуць у чоўнах на той свет?

– Мы сутыкнуліся з гэтым звычаем у вёсцы Пілатоўшчына Ушацкага раёна. Побач з вёскай – возера Атолава, а старыя могілкі месцяцца акурат на выспе пасярод возера. Ёсць такія прыклады на Магілёўшчыне, на Тураўшчыне… У Пінску былі знойдзены пахаванні ў рачных чаўнах, якія адносіліся да сярэднявечча. Дарэчы, былі шырока распаўсюджаныя пахаванні ў дубовых калодах. Мне самой даводзілася бачыць такую труну. Гэта было падчас экспедыцыі ў басейне Заходняй Дзвіны. Мы знялі хутар ля вёскі. На хутары жыў дзед гадоў пад дзевяноста, але дачка забрала яго на сябе на суседні хутар і здала нам хату. Аднойчы я з цікавасці палезла да гарышча і ўбачыла там дубовую труну, якую падрыхтаваў сабе дзед. Яна была такая прыгожая, выглядала акурат так, як тыя, з раскопак. І была пасыпаная зернем. У літаратуры ёсць звесткі пра тое, што сапраўды зерне захоўвалі ў такіх калодах, прызначаных для пахаванняў.

Image1-2

– Магчыма, некаторыя з апісаных вамі помнікаў маюць шанс зрабіцца цікавымі турыс-тычнымі аб’ектамі. Ці існуе пагроза таго, што, калі гэтыя помнікі увойдуць у турыстычная маршруты, яны згубяць сваю загадкавасць, таямнічасць – тую самую сакральнасць?

– Безумоўна, такая пагроза ёсць. Я з 70-х гадоў падчас археалагічных экспедыцый распытвала людзей пра крыніцы, камяні ў наваколлі. Яны асцерагаліся гаварыць пра гэтыя аб’екты – баяліся, што святыні зруйнуюць. Зараз ужо не баяцца – наадварот, ганарацца сваімі сакральнымі мясцінамі. Зацікавілася імі і царква. Але якраз з прыходам царквы нярэдка губляецца аўтэнтычнасць помнікаў: усё па шаблону, стандартна... А што будзе, калі яны зробяцца яшчэ і турыстычнымі аб’ектамі… Трэба ўсведамляць той факт, што людзі ва ўсе часы прыходзілі туды маліцца. Аднойчы, калі мы ездзілі па Случчыне разам з прыбалтамі і немцамі, я прапанавала зайсці ў праваслаўны храм, паглядзець, як адбываецца набажэнства. Некалькі з маіх спадарожнікаў рашуча адмовіліся: як можна перашкаджаць маліцца! Некаторыя сапраўды архаічныя крыніцы знаходзяцца ў глухіх месцах за тры-пяць кіламетраў ад вёскі, на балоце, куды й дайсці няпроста. У той жа час гаспадары аграсядзіб, дзе мы часта спыняемся на начлег, самі паказваюць у лесе валуны ці крыніцы. Можна сказаць, што гэтыя сакральныя помнікі – іх асабістыя турыстычныя аб’екты. Так што некаторыя сакральныя мясціны ўжо фігуруюць у новай для іх іпастасі. Ёсць і вельмі «раскручаныя» аб’екты – напрыклад, Дажбогаў камень каля вёскі Крамянец Лагойскага раёна, куды прыязджаюць з усёй Еўропы. Яшчэ ў 80-я гады тут падчас засухі ладзілі своеасаблівы абрад: дзевяць ці дванаццаць удоў кіямі прыўзнімалі камень. Людзі верылі, што пасля гэтага мусіць пайсці дождж.

Часам цікавасць да гэтых аб’ектаў назіраецца ў моладых людзей, якія лічаць сябе «неапаганцамі». Сёння ў Расіі, Літве, Латвіі ствараюцца клубы і суполкі, якія заклікаюць да адраджэння спрадвечнай веры – паганства. Але трэба разумець, што тое, што адбываецца ў сакральных месцах, – не адраджэнне паганскіх звычаяў: гэта хутчэй так званае «народнае хрысціянства». Яно заўсёды існавала паралельна з царквой. На навуковых канфе-рэнцыях, бывае, узнікаюць спрэчкі наконт таго, што такое паклонныя камяні і крыніцы: гэта помнікі двухвер’я ці паганства? Навукоўцы прыходзяць да высновы, што, хутчэй за ўсё, якраз помнікі народнага хрысціянства: гэты тэрмін у наш час надзвычай распаўсюджаны ў навуковай літаратуры.

Я лічу, што цікавымі аб’ектамі для турыстаў могуць стаць гарадзішчы. Многія з іх сапраўды ўражваюць сваёй формай, да таго ж знаходзяцца не ў такіх ужо аддаленых месцах, іх шмат, і вось іх сапраўды варта прапагандаваць і ўключаць у турыстычныя маршруты. А некаторыя архаічныя крыніцы трэба абараняць, захоўваць у спрадвечным выглядзе, можа нават пад эгідай ЮНЭСКА. Але каб сапраўды нашы сакральныя помнікі ўвайшлі ў спісы ЮНЭСКА, патрэбна сабраць стос дакументаў. Гэта ўсё складана і не так хутка, а помнікі знікаюць на вачах. Археолагі, дарэчы, складаючы спісы помнікаў, заўсёды лічылі, што нельга рабіць іх даступнымі шырокаму колу, таму што туды адразу ж хлынуць скарбашукальнікі. На жаль, часта так і адбываецца.

Гутарыла Людміла ДРЫК

https://www.traditionrolex.com/8