Раман АБРАМЧУК
Увогуле, я на оперы не хаджу (не мой напрамак). У Нясвіжы бываю ў сярэднім два разы на месяц (экскурсаводам). Але месяц таму на адной з афішных тумбаў Мінска выпадкова ўбачыў рэкламу «оперных вечароў» у Нясвіжскім палацы. Вочы адразу загарэліся.
Найперш таму, што «Дзікае паляванне караля Стаха» я дагэтуль не бачыў, хоць MP3-шныя файлікі з фрагментамі гэтай оперы ўжо даўно «прапісаліся» на маім кампутары ў папцы «Мая музыка». А па-другое, опера ў Нясвіжскім палацы – гэта вам не абы што. У госці да саміх Радзівілаў! Да таго ж кошт квіткоў – сацыяльны, нават крыху абразлівы: такі ж, як і сярэдні кошт кілаграма варанай каўбасы. Але гэта і перадвызначыла сітуацыю татальна-га аншлагу: квіткоў у касе не было ўжо за добры тыдзень.
Крышку клопатаў пра пытанне перавозкі ровараў у электрычцы (ані-якай складанасці няма!) – і вось з цудоўнай кампа-ніяй мы ўжо «рассякаем» на «жалезных ко-нях» па дарогах Нясвіжчыны. Менш за гадзіну язды ад Гарадзеі – і мы ўжо шпацыруем па нясвіжскіх вулачках. Там-сям няспешна ходзяць такія ж «чакальнікі», як і мы, – верагодна, з Мінску. Апошнія прыгатаванні – фракі і вечаровыя сукенкі, – і мы набліжаемся да замкавай брамы. А публіка – а-ёй! Радзівілы, Пацы, Хадкевічы, Агінскія! У дальняй ложы – сапежанская моладзь, а бліжэй да сцэны – панна Уршуля Радзівіл з Вішнявецкіх! Апроч таго, ужо ў зборы тутэйшыя мяшчане з менскімі панамі і паненкамі. Пазнаю асоб з музейна-культурніцкай і турыстычна-мэнеджэрскай сферы. Усё ззяе, усё блішчыць, бо замкавы двор усяго некалькі месяцаў як адноўлены пасля шведска-расійскіх жахотаў. А па карэтным грукаце і тупаце шасцерыка ўсе пачулі – хоць і віду не падалі – пад’ехаў пан міністр, з Латушкаў. Усе ў чаканні. Пражэктары маўкліва лашчаць навюткую ляпніну палаца. Музыкі ладзяць інструмент. Хтосьці наракае, што арганізатары не ўмеюць зарабляць – не паставілі столікі з шампанскім на продаж... Але ўсё гэта патанае ва ўрачыстым чаканні і развейваецца пры першых гуках трубаў...
І вось на сцэне – вядучая. Хоць і стараецца гаварыць па-нашаму, ды канчаткі слоў на маскоўскі манер выдаюць яе далёкасць ад тутэйшай мовы. Але што нам да яе! Сёння ў Нясвіжскім палацы – сустракайма! – паны Уладзіміры, Солтан і Караткевіч, выдатныя аўтары, кампазітар і пісьменнік, прэзентуюць сваю пекную штуку для шляхетнага паньства і люду паспалітага!
І я з кампаніяй сваёй «бардзо» усцешаны: маю месцы каля самага аркестру, які сёння не пагружаўся ў сваю звыклую яміну, а рассеўся злева ад сцэны, навідавоку ва ўсіх гледачоў. Сёння – поўны «live», «unplugged», спевы і музыка «жыўцом». Ніякіх шнуроў і апаратуры не відаць. Але ў гэтым і недахоп. Да тых, хто сядзіць далей за першыя пяць шэрагаў, далятае толькі палова слоў спевакоў. З-за гэтага пасля антракту шэрагі крыху парадзелі. З тае прычыны раім яго міласці князю Радзівілу ўсё-такі ўсталяваць які-небудзь JBL acoustic system – дзеля другой, дальняй паловы гледачоў.
Што да оперы – я не памыліўся. Мае файлікі-фрагменты недарэмна так доўга і настойліва запрашалі мяне наведаць гэтую оперу. Шыкоўная музыка. Ды і словы – агонь! Галоўны герой (Беларэцкі) прамаўляе, распяваючы на оперны манер: «Я філо-олаг і гісто-орык, прыехаў я збіраць фалькло-о-ор...» Наша кампанія адразу пазнае сябе ў гэтым вобразе. Мая каляжанка падхоплівае: «Я вы-ыключаны быў з універсітэ-эта за ўдзел у а-акцыі...» Зрэшты, як мне падумалася, у гэтым і быў наватарскі геній Караткевіча, бо для яго не існавала фармальных перашкодаў. Беларускую тэму, мову, пабытовы сюжэт яму ўдавалася спалучыць з абсалютна нечаканым жанрам, мастацкай формай: напрыклад, з тым жа гістарычным дэтэктывам...
Далей на сцэне былі шляхецкія танцы пад тую самую музыку, што зацягнула мяне сюды. І, гледзячы на гэтую шляхецкую раскошу, шыкоўнае баляванне нашых продкаў-беларусаў, я падумаў: як усё-такі добра, што нашыя чыноўнікі бачаць менавіта гэты спектакль! Можа, хоць у кім-небудзь з іх штось варухнецца!.. І ўжо не будуць яны адмаўляцца з-за сваёй занятасці на пасяўной ад сустрэчы з 92-гадовай пані Эльжбэтай Радзівіл, што прыязджала ў радавое гняздо з Варшавы-сталіцы...
Затым быў антракт. Публіка імкліва спяшалася ў новы буфет. Але даруйце, гэтае слова не пасуе да таго даволі шляхетнага месца, дзе паньства частавалася «кавай з цынамонам з парцалянавых філіжанак». Новая кавярня размясцілася ў адной з адрэстаўраваных залаў радзівілаўскага палаца з адноўленымі фрэскамі. Што ж, яшчэ адна нагода абарыгенам адчуць сябе людзьмі.
Другое аддзяленне пачалося з народных песень, што спявае Беларэцкаму мясцовы люд. Потым яшчэ некалькі цудоўных па музыцы арый Беларэцкага і пані Яблонскай (галоўная гераіня оперы-аповесці), а затым – шляхецкая папойка з кульмінацыяй і развязкай. Дадам, што само «дзікае паляванне» (рыцары на конях, што паводле сюжэту свяціліся ўночы і наводзілі жах на мясцовы люд) было паказана ў выглядзе вялізных відэапраекцый на сцяне палаца. Сама ідэя – шыкоўная, але відэамалюнкі былі настолькі аднастайныя, што цікавасць да іх даволі хутка знікла. Ну і, вядома, не магла не зачапіць, асабліва ў наш час, арыя Беларэцкага, дзе герой выказвае думкі самога Караткевіча: «Народ наш до-обры, працаві-іты і лаго-одны, але кіраўнікі яго клапоцяцца адно што пра сябе-е-е...»
Завяршалася ўсё апоўначы. Дождж так і не адважыўся сапсаваць свята. Гледачы, арганізатары, артысты збольшага былі задаволены, дзякавалі адзін аднаму, і доўга не згасалі авацыі... Рамантыкаў яшчэ вабілі начныя алеі парка, а электронны гадзіннік ратушы ўжо быў пастаўлены на маўклівы рэжым...
У гэты час у паветра з палацавага двара нябачна сталі падымацца цені Караткевіча, Мацея і Уршулі Радзівілаў, сапежанскай моладзі, гасцей ад Пацаў, Хадкевічаў... Штосьці ціха абмяркоўвалі – відавочна з запалам, голасна, – але нам чуваць было толькі напалову. Ды, зрэшты, галоўнае было і так зразумела: радыя, што праз дзвесце з лішкам год у Нясвіжы зноў, як калісьці, загучаў аркестр і заспявалі оперу.
Мы доўга махалі ўслед рукой, але мусілі спяшацца на начлег у нашу камяніцу на ратушнай плошчы, бо назаўтра, як гэта ні недарэчна, павiнны былi вярнуцца ў сталічны Мінск, каб адтуль весці экскурсію зноў у Нясвіж. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...