Напярэдадні «Фэста экскурсаводаў» адбылася незвычайная экскурсія па зорным небе Беларусі. Тыя, хто прыйшоў 19 красавіка ў 21.30 у сталічны Парк Чалюскінцаў, даведаліся, чаму і калі нашыя продкі глядзелі ў неба, якія сузор’і і зоркі беларусы называлі Зорным Колам, Вялікім Возам ці Сітам і каму належалі самыя яркія зоркі на небасхіле. Аб унікальным турыстычным прадукце і яго асаблівасцях распавядае Цімафей АВІЛІН – магістр гістарычных навук і гід па зорным небе, які ужо восем год даследуе беларускія назвы і паданні, звязаныя з зоркамі.
– Як сталася, што тэма навуковай працы легла ў аснову экскурсіі па зорным небе Беларусі?
– Ідэя экскурсіі з’явілася год назад, але пакуль што мы паспелі правесці толькі адну – у красавіку напярэдадні «Фэста экскурсаводаў». У час самога фестываля экскурсія, на жаль, не адбылася з-за дрэннага надвор’я. Праводзячы экскурсію, я паказваю зоркі і цэлыя сузор’і, кажу іх беларускія назвы і расказваю звязаныя з імі легенды і паданні.
Тэмай зорнага неба Беларусі я сур’ёзна займаюся ўжо восем год. Умоўна кажучы, усё пачалося з гуртка па астраноміі, выкладчык якога Канстанцін Цыркун прапанаваў мне пашукаць, як беларусы называлі сузор’і. Крыніцы, якія я выкарыстоўваў, можна назваць стандартнымі для любога этнографа-фалькларыста – архіўныя запісы, успаміны, навуковая і мастацкая літаратура. І самае галоўнае – экспедыцыі на вёскі і размовы са старымі людзьмі. У першую сваю вандроўку я быў нечакана ўражаны – насуперак перакананням большасці навукоўцаў, з якімі я на той час размаўляў, што такога матэрыялу больш няма. Тэма народнай астраноміі маладая, і менавіта цяпер можна яшчэ зрабіць унікальныя запісы па ўсёй Беларусі.
– Ці шмат людзей на вёсцы памятае пра зоркі?
– Не, такіх людзей засталося не многа. Трагічнымі для нашай гістарычнай спадчыны былі войны першай паловы ХХ стагоддзя, калі большасць людзей, якія нешта ведалі, але не паспелі перадаць свае веды, загінула. У той час як больш-менш сур’ёзна этнаграфіяй на нашых землях пачалі займацца ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, даследчыкаў больш цікавілі практычныя веды: як праходзіла вяселле, адзначалася тое ці іншае свята, як традыцыі змяняліся пад уплывам хрысціянства. А на той час ужо заставалася не так шмат людзей, якія ведалі розныя практычныя дзеянні, звязаныя з зоркамі – варожба, прадказанне надвор’я.
– Тым не менш беларусы даволі часта глядзелі на зоркі. Як яны выкарыстоўваліся?
– Па-першае, калісьці па зорках вызначалі час. Гэта была тая самая практыка, якая дазваляла ведам захоўвацца. Па іх уставалі, клаліся спаць, сеялі, малацілі. Па зорках вызначалі час каляндарных святаў – Каляды, Вадохрышча, Іллю. Напрыклад, кажуць, што куццю на Каляды трэба пачынаць есці на першую зорку, якую называлі Казой. І сапраўды, у зімовы час зорка з сузор’я Возніка – адна з самых яскравых, яе на вёсцы называюць Казой. Але як толькі пачалі з’яўляцца гадзіннікі, людзі сталі глядзець у неба радзей. Былі і рэлігійныя сувязі з зоркамі, заснаваныя на паданнях. Ёсць такія сузор’і як Вялікі Воз і Малы Воз – адпаведна гэта Вялікая і Малая Мядзведзіца. Але у яго ёсць яшчэ адна назва – Іллёў Воз, ці Воз Іллі. Кажуць, калі б’е маланка, гэта Святы Ілля ездзіць па свеце на калясніцы і чарцей ганяе. Па Млечным шляху вызначалі накірунак дарогі, як і па Зорным Коле, ці Палярнай зорцы, якая заўсёды знаходзіцца на поўначы. Адна з назваў Млечнага шляху – Чумацкі шлях. Яна часта сустракаецца на Палессі і на тэрыторыі Украіны. Па гэтым сузор’і чумакі ўвосень, калі везлі соль на продаж, вызначалі, у які бок трэба ехаць. На Стаўбцоўшчыне нават захавалася такое паданне, у якім стомленая дзяўчына-сірата вярталася з працы ў суседняй вёсцы да сваіх братоў, упала і разбіла поўны малака жбан. Посуд разбіўся, а малако разлілося. Бог пашкадаваў дзяўчыну, зрабіў яе слёзы зоркамі, а малако стала Млечнай дарогай.
Ёсць на небе сузор’е з навуковай назвай Дракон, якое беларусы называлі Змеем. Нібыта гэта той самы змей, якога забіў Святы Юры і павесіў на неба, каб людзі глядзелі. Але гэта адзінкавыя запісы, не шмат людзей пра іх памятае. Больш назваў захавалася для сузор’яў Вялікай Мядзведзіцы, Плеядаў і Пояса Арыёна. Тры зоркі ў Поясе Арыёна называюць Тры касцы – зоркі размешчаны так, як стаяць касцы ў полі, калі косяць. Яшчэ адна назва – Тры сястры. Гэты вобраз вельмі пашыраны не толькі ў славянскім, але і ў еўрапейскім фальклоры. Нібыта гэта тыя тры сястры, якія прадуць нітку лёсу чалавека. Што тычыцца Плеядаў (зоркі размешчаны блізка адна да адной), у нас больш за ўсё распаўсюджана назва Сіта – нібыта праз яго Бог сеяў зярняткі жыта. А яшчэ праз гэтае жыта адсейваюцца душы людзей праведных і грэшных. Яшчэ некалькі назваў – Кучкі, Купкі, Стажар’е, што азначае стажкі сена на полі.
– Чаму ўжываліся менавіта такія назвы?
– Тое, што чалавек бачыў у штодзённай працы на зямлі, тое самае, ён верыў, існуе і на небе. Такія назвы як Воз, Матавіла, Сіта, Ляска Якуба, Пшэпіга, Каструля, Чарпак, Карэц звязаныя з побытавымі рэчамі. Шмат назваў было звязана з хрысціянствам – Пятроў Крэст, Іллёў воз, Змей, Сіта, праз якое сеяла Панна Марыя. Больш за тое, у XVII–XVIII стст. манахі спрабавалі замяніць народныя назвы рэлігійнымі. Вельмі важную ролю адыгрывала Заранка, якую ў мастацкай літаратуры часцей называюць Мілавіцай, ці Венерай. На Беларусі яе называлі ці проста ранішняя і вячэрняя зорка, ці давалі ёй розныя імёны – Зара Дар’я ці Зара Мар’я. Часам сустракаецца такая назва як Дзянніца, Воўчая зорка. Па ёй прачыналіся, уставалі і клаліся спаць.
Існавалі забароны красціцца ці маліцца на зоркі, нешта ў іх прасіць. Аднак людзі верылі ў цудадзейную сілу зорак і працягвалі прасіць у іх дапамогі. Шэраг назваў звязаны з тым, што зорка – гэта душа чалавека ці яе адлюстраванне. Кажуць, што ў кожнага чалавека на небе ёсць свая зорка, таму на зорнае неба нельга было паказваць пальцам – бо можна дакрануцца да сваёй зоркі, яна ўпадзе з неба і чалавек памрэ. Гэта забаранялася простым людзям. Але былі вяскоўцы, якіх лічылі ведзьмакамі, а сёння іх нават можна было б назваць тутэйшымі «астраномамі». Пра іх казалі, што яны могуць па зорках чытаць і прадказваць лёс чалавека. Калі зорка яркая – чалавек добры, заможны. Самыя яркія зоркі належалі князям, а самыя цмяныя – шэльмам. Кажуць, што ведзьма можа скрасці зорку з неба, а разам з ёй – і душу чалавека. Ведзьма можа здымаць зоркі з неба і сеяць іх на поле праз сіта – значыць, будзе неўраджай. Гэта звязана і з такім уяўленнем, што калі шмат зорак падае, значыць, шмат людзей памірае або дзесьці ідзе вайна. А яшчэ, калі зорка ляцела, дзяўчына павінна была адцягваць сабе косы, каб валасы даўгімі раслі. А у каго на руках былі барадаўкі, трэба было рукой трэсці, каб ад іх пазбавіцца. Большасці людзей знаёма вераванне, што калі ляціць зорка, трэба загадаць жаданне. Гэта можна патлумачыць тым, што ў хрысціянскім светапоглядзе зорка – гэта анёл ці акенца, у якое анёл кожную ноч ставіць свечку. Калі зорка ляціць па небе – гэта ляціць анёл за душой чалавека, які памірае. Падчас гэтага палёту можна папрасіць у анёла тое, што ён ХТО? захоча, і анёл ні ў чым не можа адмовіць. У паганстве найбольш яркія падаючыя зоркі азначалі цмока. І калі такая зорка падала над хатай, казалі, што цмок чалавеку багацце панёс. А калі чалавек звязваўся з цмокам, то станавіўся ведзьмаком. А яшчэ казалі, што калі зорка падала над хатай – значыць, цмок залятаў праз комін і пераўтвараўся ў прыгожага юнака. Асабліва часта ён залятаў да жанчын, мужы каторых пайшлі на вайну. На вайну раней хадзілі на пяць год і болей, і жанчыны не ведалі, што сталася з іх мужчынамі. А хітры смок у постаці прыгожага юнака ці мужа спакушаў жанчыну, і ад сувязяў з цмокам яна пачынала гібець, ці пераўтваралася ў ведзьму і, адпаведна, нараджала маленькіх ведзьмакоў.
– Як перадаваліся веды аб зорках? Хто вучыў людзей, як і дзе шукаць сузор’і?
– Гэта пытанне складанае, бо яшчэ недаследаванае. Класічная астралогія з’явілася даўно, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. Праўда, першапачаткова ў перакладных варыянтах, і кнігі траплялі да людзей, якія ўмелі чытаць. Пры дварах пачалі з’яўляцца прафесійныя астролагі. Народная астралогія развівалася інакш. Літоўскі даследчык Ёнас Вайшкунас мяркуе, што ў даўнія часы магла існаваць каста жрацоў, якая прафесійна займалася астраноміяй і астралогіяй. Для іх будаваліся цэлыя астранамічныя комплексы, дзе яны ставілі пэўныя арыенціры і сачылі за зоркамі, каб вызначаць час, калі можна пачынаць свята ці рабіць тую ці іншую справу. У Беларусі падобны комплекс захаваўся на возеры Янова пад Полацкам. У больш познія часы людзям аб зорках распавядалі святары і тлумачылі тое, што адбываецца на небе, спасылаючыся на хрысціянскія догмы. Веды ішлі ў народ і пры вуснай перадачы трансфармаваліся. Гэта добра бачна па тым, што людзі ўяўлялі сабе пад плямамі на Месяцы. У аснове ляжыць гісторыя аб тым, як брат забіў брата. Але ёсць розныя версіі таго, чым ён гэта зрабіў – віламі, сякерай, іншай прыладай працы – і чаму ён здзейсніў забойства: з-за дзяўчыны, грошай ці проста злы быў? Ёсць такое паданне, што ў вялікае свята, калі працаваць забаронена, брат пайшоў сена варочаць. І Бог яго пакараў: у той самы час у сене спаў брат працаголіка. І калі той варочаў сена, ненарокам закалоў свайго брата. Таму і цяпер на месяцы бачна, як брат брата на вілах трымае. Па хрысціянскай версіі, гэта Каін забіў Авеля.
– Стоўнхэндж у Англіі ці камяні Але ў Остэрлене ў Швецыі вядомыя на ўвесь свет. Іх штогод наведваюць тысячы турыстаў. Як можа быць выкарыстаны астранамічны комплекс пад Полацкам?
– Сапраўды, цяпер комплекс каля возера Янова ў турыстычных мэтах не выкарыстоўваецца. Валуны там ляжаць паўкругам, ці літарай П, і ўказуюць на кропкі захаду і ўзыходу сонца. Можа, раней яны паказвалі на пэўныя сузор’і. Каб з закінутага комплекса зрабіць нешта паўнавартаснае, трэба шмат часу і грошай. Тым не менш там вельмі добрае месца – ідзе траса на Полацк, побач возера. Там можна было б зрабіць, напрыклад, музей этнаастраноміі. А ў якасці памятных сувеніраў прапаноўваць тканыя рушнікі з трыма зоркамі ў адным шэрагу, якія выкарыстоўваліся не проста як аздабленне памяшкання, але і для варажбы. Аднак можна пашукаць і нешта іншае, што не будзе мець аналагаў у свеце. Напрыклад, у Раўбічскім музеі захоўваецца вялікая чаша, па краі якой намаляваныя 12 сімвалаў. Ёнас Вайшкунас пачаў гэтую чашу даследаваць і інтэрпрэтаваў малюнкі як даўнія знакі задыяка, кожны з якіх дапасаваў да пэўнага сузор’я. Відавочна, некаторыя сучасныя знакі там адсутнічаюць. Напрыклад, на чашы няма ільва і рака, затое ёсць конь і жораў, якія не маюць аналагаў у класічнай астралагічнай сістэме. Гэта значыць, што мы маем справу з нечым сваім, тутэйшым, хоць некаторыя беларускія даследчыкі і сцвярджаюць, што гэта проста сімвалы месяцаў года. У любога народа павінен быць міф, які дадае яму гонару. Уявіце, што ў Беларусі ёсць унікальная чаша, на якой захаваліся знакі задыяка, якіх нідзе больш няма. Гэта мог бы быць прыгожы міф аб Беларусі. Калі яго раскруціць, ён стане цікавым на ўсіх усходнеславянскіх абшарах.
– У гэтых месцах можна было б дадаткова праводзіць экскурсіі па зорным небе...
– Так, але пакуль гэтыя комплексы ў заняпадзе, трэба шукаць іншыя месцы. Першую экскурсію мы правялі ў Парку Чалюскінцаў на адкрытым футбольным полі. Думалі, што добрым месцам будзе Музей валуноў, тым больш што там ёсць некалькі культавых камянёў з лункамі і выявамі зорак. Аднак месца тут не галоўнае. Асаблівасць экскурсій па зорным небе – у надвор’і. Помнікі архітэктуры можна паказаць і ў дождж, і калі на небе хмары. Іншая справа, што ў нашай дзяржаве яны няшчадна руйнуюцца ці перабудоўваюцца наноў. У гэтым сэнсе з зоркамі прасцей – іх ніхто не перабудуе, аднак яны цалкам знікаюць, калі на двары пахмурна. Ёсць і такі момант: зорнае неба ў розныя поры года выглядае па-рознаму. Нябесная сфера варочаецца, і некаторыя сузор’і бачны толькі зранку. У нас цяпер добра бачны Зорны Кол, Змей, Вялікі Вол, Касцы, Леў, Сатурн, Рак, а ўвосень лепш назіраць за Плеядамі, ці Сітам. Упэўнены, што такім экскурсіям няма аналагаў ні ў Беларусі, ні ў Еўропе. Этнаастраноміяй у большасці краін займаюцца ў навуковым асяроддзі, яна непапулярызаваная. У Беларусі была спроба зацікавіць гэтай тэмай больш людзей. Навуковец Віктар Малышыц распавядаў пра сузор’і ў Планетарыі, дзе акрамя традыцыйных назваў прыводзіў прыклады ўласна беларускіх. Але экскурсія па сапраўдным зорным небе ў шмат разоў цікавейшая. Пад час яе можна ўбачыць знічкі і адразу расказаць паданні, звязаныя з імі. Дарэчы, у жніўні будзе вялікі зоркапад, і можна будзе прымеркаваць экскурсію да яго. Экскурсіі па зорным небе – прадукт унікальны, але нестабільны. Ніколі не ведаеш, будзе добрае надвор’е ці не.
Лепш за ўсё іх праводзіць, калі пачынае даволі рана цямнець: і зоркі больш яркія, і застаецца больш часу на пошук сузор’яў. Калі я пачаў займацца зорным небам Беларусі, мне хацелася стварыць лексічную базу назваў і паданняў, звязаных з зоркамі, каб у будучыні можна было рабіць нават нейкія анімацыі. Аднак больш за ўсё мне хацелася б, каб беларусы ведалі свае назвы сузор’яў. Я разумею, што гэтага складана дабіцца, бо не кожны ведае і ўніверсальныя назвы. Аднак, калі ставіцца да сітуацыі па-філасофску, можна глядзець на неба і разглядаць сузор’і не вачыма старажытных грэкаў ці праз тэлескоп, а вачыма нашых продкаў...
Гутарыла Яна ШЫДЛОЎСКАЯ