https://www.traditionrolex.com/8
<p>Турысты найчасцей прыязджаюць у сталіцы. Яно і зразумела – экскурсійныя туры дазваляюць толькі крышачку пазнаёміцца з новай краінай, таму ўся ўвага сканцэнтравана на цэнтры. Туды ўкладаюцца асноўныя сродкі з боку дзяржавы і інвестараў. А між іншым, зусім побач можна знайсці іншы цэнтр, хай сабе і ціхі, але не менш прыгожы і важны ў гісторыі краіны. Гаворка – пра малыя турыстычныя гарады.</p>

Дар’я ГУШТЫН

Турысты найчасцей прыязджаюць у сталіцы. Яно і зразумела – экскурсійныя туры дазваляюць толькі крышачку пазнаёміцца з новай краінай, таму ўся ўвага сканцэнтравана на цэнтры. Туды ўкладаюцца асноўныя сродкі з боку дзяржавы і інвестараў. А між іншым, зусім побач можна знайсці іншы цэнтр, хай сабе і ціхі, але не менш прыгожы і важны ў гісторыі краіны. Гаворка – пра малыя турыстычныя гарады.

c3

Крочым ад Горадні

Беларускі горад Гродна – адзін з лідараў сярод славутых мясцінаў Беларусі. Знаёмая экскурсавод расказвала, што пасля гэтага горада турысты з Еўропы зусім не ўспрымаюць манументальны Мінск і нават маляўнічую Белавежскую пушчу. Зазірнем жа ў глыбкі старажытнага месца.

Свой юбілей Гродна, або Горадня – менавіта так называюць горад старажылы, адсвяткаваў летась – 1005 гадоў. Сімвалічна, бо менавіта ў 1005 годзе Гродна і ўзгадваецца ўпершыню. За гэты час горад перажыў шэраг разбурэнняў і аднаўленняў. Уваходзіў у найбуйнейшыя княствы і ганарыўся сваім хараством на ўвесь свет.

Сёння Гродна спалучае ў сабе досыць дзіўныя рэчы: старажытнасць і некранутасць некаторых раёнаў – і разам з тым гэта буйны прамысловы цэнтр. У якой кропцы горада вы б ні знаходзіліся – адусюль бачна трубы прадпрыемства «Азот». Па сутнасці, параўнальна некранутым застаўся толькі цэнтр. Сёння ён мае савецкае імя – назвы тагачасныя – і вуліцы Маркса, Свярдлова, Леніна… Пад час арганізаванай экскурсіі турысты праязджаюць ці праходзяць міма двухпавярховых мініяцюрных дамоў, дзе, дарэчы, нарадзіліся вядомыя асобы свету, сярод якіх – вынаходнік мовы эсперанта Людовік Заменгоф. Між іншым, гэта даволі цікавыя аб’екты для знаёмства з атмасферай горада. Часцей за ўсё ўваход у іх вольны, таму варта ўбачыць старажытныя кручастыя лесвіцы ўнутры і старыя цагляныя аркі звонку. У цёплы час года тут па-ранейшаму сушаць бялізну на вуліцы. Гэта, дарэчы, вельмі здзіўляе замежнікаў. У гэтых дамах жыве шмат сталых прадстаўнікоў гарадзенскай інтэлігенцыі: гісторыкі і архітэктары, дактары і музыканты... Яны заўсёды гатовыя да размовы, бо для сапраўднага гарадзенца няма лепшай тэмы для гутаркі, чым ягоны родны горад.

Сярод музеяў гісторыі і культуры – пакуль мала вядомыя турыстам фармакалагічны музей ля Фарнага касцёла і музей-кунсткамера Медыцынскага універсітэта. А яшчэ зусім нядаўна скончыўся рамонт у музеі рэлігіязнаўства, які таксама знаходзіцца ў цэнтры горада.

Духоўнае жыццё Гродна сапраўды выклікае цікавасць. Велічнасць касцёлаў, сярод якіх Фарны найбольш навідавоку, таму і ўваходзіць у абавязковы пункт праграмы экскурсій. У ім знаходзіцца старажытны арган. Увесь горад стараецца патрапіць на імпрэзы, калі кожную вясну тут праходзяць канцэрты класічнай музыкі. Мала хто ведае, што не меншая прыгажосць хаваецца на самым версе касцёла, куды ўваход звычайна забаронены. Але цікаўных турыстаў ключнік – а такі ёсць пры касцёле – праводзіць па прыступках аж да старажытнага гадзінніку, адкуль адкрываецца панарама ўсяго горада. Ля Каложскай царквы, вакол якой шмат размоў пра цудадзейнаць, варта прагуляцца па кручастай гары, а таксама пасядзець на самым версе насыпу, каб убачыць Нёман і паслухаць шум ветра, які зліваецца з песнапеннямі ў царкве. Гісторыкі расказваюць пра цудадзейнасць каляровых камянёў на Каложы. Лічыцца, што двойчы на год, калі прыходзіць раўнадзенне, уначы трэба дакрануцца да камянёў на сценах (дарэчы, яны мяняюць свой колер), і тады можа спраўдзіцца самае неверагоднае жаданне.

Касцёлы і цэрквы адкрытыя для наведвальнікаў штодзень. А вось старажытная сінагога ўжо некалькі дзесяцігоддзяў знаходзіцца на рэканструкцыі. За гэты час аднаўленне зрабілі толькі сімвалічнае, каб вернікі маглі прыходзіць на службу. Звонку будынак выклікае вялікі жаль, бо патрабуе сур’ёзнай рэканструкцыі. Калісьці яўрэйская абшчына ў Гродна была вельмі вялікай, але пасля Другой сусветнай вайны і масавай эміграцыі яўрэяў суполка скарацілася ў дзесяць разоў, і, як кажа вартаўнік Уладзімір, зараз тут можна ўбачыць усё менш моладзі. Уладзімір, дарэчы, даглядае сінагогу шмат гадоў. Ягоны пакойчык знаходзіцца акурат ля цэнтральнага ўваходу. Сталы сівы мужчына калісьці працаваў ва універсітэце, а цяпер займаецца самаадукацыяй і працуе вартаўніком. Ён добра ведае гісторыю сінагогі і можа гадзінамі расказваць пра тое, як яе будавалі, як у савецкія часы тут быў склад і грузавыя аўтамабілі праязджалі па падлозе, калісьці ўпрыгожанай мазаікай, як змяняліся равіны і склад абшчыны і як зараз ідзе так званы рамонт – марудны і непаўнавартасны. Так што трапіць на экскурсію ў сінагогу трэба абавязкова, пакуль там ёсць на што глядзець.

c1

На траве ля замку: Каўнас

Падобны па атмасферы Каўнас. Спакойны і ўраўнаважаны горад, які таксама жыве актыўным жыццём – гандлёвым, прамысловым, адукацыйным, але ўмее адпачываць па выходных. У самым цэнтры горада.

Беларусы часам усё яшчэ называюць гэты горад па-старому – Коўна. І добра памятаюць яго, хоць бы па савецкіх часах. Тады, праўда, у Прыбалтыку часцей ездзілі па спажывецкіх справах. І хоць шопінг у Літве па-ранейшаму папулярны, цэнтр Каўнаса аздоблены зараз вельмі добра, таму гэты горад цікавы найперш як гістарычны аб’ект.

У адрозненні ад Гродна, большасць выбітных будынкаў тут захавалася. Найбольшую цікавасць выклікае Каўнаскі замак. Як абарона супраць Тэўтонскага ордэну, ён паўстаў яшчэ ў ХІV стагоддзі паміж рэкамі Нёман і Вілія. Зараз захавалася каля траціны забудовы, але ідзе актыўная рэканструкцыя. Тут жа, насупраць, царква Святога Міхаіла Архангела. Аддзяляе будынкі невялікі роў. Па абодвух берагах у цёплы час проста на траве сядзяць турысты і жыхары горада, каб адпачыць ды пагутарыць пра надзённае. Вузкія кручастыя вулачкі Коўна нагадваюць гарадзенскія. Гэтаксама выглядваюць жыхары з невялічкіх гаўбцоў, на якіх размешчаны мініяцюрныя кветнічкі. Брукаванка пад нагамі, па баках маленькія кавярні, якія шчодра запрашаюць на абед пахамі нацыянальных страў. Безліч крамаў з сувенірамі. Хэндмэйд (тое, што зроблена сваімі рукамі) цэніцца высока. Мясцовыя дызайнеры і мастакі маюць свае гандлёвыя кропкі, некаторыя прадаюць вырабы проста на вуліцы – на кірмашах, якія арганізуюць па выходных. Тут цудоўна разумеюць беларускую мову і, калі бачаць турыстаў з Беларусі, кажуць, што сумуюць па тых часах, калі мы былі бліжэй. Робяць шчодрыя зніжкі і спадзяюцца, што хутка ўсё адно будзем у адной краіне. Напэўна, у Еўразвязу? А непадалёк чуваць, як хтосьці грае этнічную музыку. Падыходзім бліжэй – музыкі з Горадні, гурт «Ірдарат». Высветлілася, што тут яны граюць нават часцей, чым у родным горадзе.

c2

Славацкі спакой: Кошыцэ

Як і Каўнас, славацкі Кошыцэ – другі па велічыні горад у сваёй краіне, Славакіі. Горад, дзе не адчуваюцца імклівасць і шум: у самым ягоным цэнтры – спакойная атмасфера, спрыяльная да адпачынку.

У адрозненні ад Беларусі, тут дагэтуль засталося шмат уніяцкіх храмаў. Яны пачынаюцца ад самай мяжы з Польшчай. І паколькі ў Беларусі такія храмы перарабілі, начапіўшы на шпілі праваслаўныя «цыбуліны», будынкі гэтыя прыемна здзіўляюць вока.

Але што назаўсёды запамінаюць турысты – гэта гатычны сабор Святой Елізаветы. Ён настолькі вялізны – 60 метраў у вышыню, што нават самыя прафесійныя фатографы не адразу могуць зразумець, з якога боку яго лепш фатаграфаваць, каб выява была найбольш поўнай. Цікава, што царква першапачаткова была асвечана як Свята-Міхайлаўская, але пасля таго як у горадзе пасялілася шмат немцаў – а адбылося гэта ў ХІІІ стагоддзі, – будынак быў перапланаваны і заступніцай горада стала Елізавета, таму сабор пераасвяцілі. Заўважна, што разбурэнні і пажары не абмінулі святыню. Некалькі разоў праводзілася буйная рэканструкцыя. І цяпер арыгінальнымі можна лічыць вежы, фасад ды некаторыя вітражныя вокны. Таксама захаваўся залаты посуд для літургіі; яго і зараз выкарыстоўваюць у час службы.

Ля царквы сканцэнтраваныя і іншыя культурныя аб’екты горада. Напрыклад, музычны тэатр. Славацкая мова вельмі простая для разумення, таму спектаклі спадабаюцца і нашаму гледачу. Што да мовы, то славакі нават лепш разумеюць беларускую, чым польскую мову. Так што турбавацца пра пераклад не варта.

Звычайна спакойны Кошыцэ раз у год становіцца цэнтрам збору бегуноў-аматараў з усяго свету. Менавіта тут праходзіць кастрычніцкі марафон – ад цэнтру да прыгарадных ваколіц.

У цэнтры горада размешчаны і рынак. Як і ў Горадні і Коўна, сталыя жанчыны прадаюць ягады, сабраныя на сваім агародзе. Яны добра памятаюць часы, калі пачаў развальвацца СССР, і вядуць размовы пра тое, што ў Беларусі і Славакіі на пачатку незалежнасці быў аднолькавы эканамічны патэнцыял.

…Наўрад ці калісьці ўзнікне асобны турыстычны маршрут Гродна – Каўнас – Кошыцэ – занадта вялікая адлегласць. Але пабываць ў гэтых гарадах варта. Бо вельмі часта перамены пачыналіся не ў самым цэнтры, а трохі наводдаль. І аўтэнтычнасць, атмасфера старога горада найлепш захавалася менавіта там, дзе няма лішняга пафасу, вялікага скаплення людзей і ультрамодных будынкаў, дзе з замку – выгляд на панэльныя дамы-каробкі, а ў самым цэнтры – мілыя двухпавярховыя домікі.

https://www.traditionrolex.com/8