https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>У продажы з’явіўся музычны «Дзіцячы альбом»<br /></strong>На недахоп беларускамоўнай літаратуры свядомыя бацькі скардзяцца ўжо даўно. Сапраўды, на кніжных паліцах сярод яскравых вокладак казкі на беларускай мове сустракаліся рэдка. Сёння, аднак, сітуацыя відавочна мяняецца ў лепшы бок: па-беларуску сталі выходзіць творы сусветна вядомых казачнікаў – «Піпі Доўгаяпанчоха» і «Карлсан-з-Даху» Астрыд Ліндгрэн, «Віня-Пых» Алана Мілна, «Малы і Мядзведзік» Джуджы і Томаса Вісландэраў. Гэта ў літаратуры. Музычная ніша для дзяцей запаўняецца больш павольна, але праекты таксама ёсць.</p>

У продажы з’явіўся музычны «Дзіцячы альбом»

Яна ШЫДЛОЎСКАЯ

На недахоп беларускамоўнай літаратуры свядомыя бацькі скардзяцца ўжо даўно. Сапраўды, на кніжных паліцах сярод яскравых вокладак казкі на беларускай мове сустракаліся рэдка. Сёння, аднак, сітуацыя відавочна мяняецца ў лепшы бок: па-беларуску сталі выходзіць творы сусветна вядомых казачнікаў – «Піпі Доўгаяпанчоха» і «Карлсан-з-Даху» Астрыд Ліндгрэн, «Віня-Пых» Алана Мілна, «Малы і Мядзведзік» Джуджы і Томаса Вісландэраў. Гэта ў літаратуры. Музычная ніша для дзяцей запаўняецца больш павольна, але праекты таксама ёсць – напрыклад, альбомы Зміцера Вайцюшкевіча «Калыханкі» і «Цацачная крама». «Дзіцячы альбом» Зміцера Сідаровіча і Таццяны Матафонавай сёлета стаў музычнай навінкай. Аўтары праекта спадзяюцца, што ім зацікавяцца і па-за межамі беларускамоўнага асяроддзя.

39-1

Прэзентацыя першай часткі «Дзіцячага альбома» адбылася на сядзібе Таварыства беларускай мовы. На дыску запісана 27 беларускіх народных песень у сучасных аранжыроўках. Галоўнымі выканаўцамі твораў сталі дзеці – Тамаш Сідаровіч і Адась Матафонаў, партыі дарослых выконвалі іх бацькі. Тэксты песень гучаць пад акампанемент фартэпіяна, гармоніка, дудак, флейты, скрыпкі і дуды. Басы і барабаны накладалася с дапамогай кампутарнай апрацоўкі.

«Ідэя ўзнікла дзякуючы беларускамоўнаму асяроддзю; яно не закансерваванае, а штогод пашыраецца, – расказаў на прэзентацыі аўтар ідэі музыка Зміцер Сідаровіч. – Да таго ж у Мінску засталіся беларускамоўныя садкі, куды бацькі возяць дзяцей з розных куткоў горада. Пад час чакання дзетак сярод дарослых завязваюцца цікавыя знаёмствы. Так, з маёй суаўтаркай Таццянай мы пазнаёміліся ў калідоры садка №314. Нашы дзеці добра спяваюць. Зараз яны вучацца ў школах з музычным ухілам, таму і ўзнікла жаданне іх запісаць. Працаваць з дзецьмі у атмасферы студыі, дзе час не абмежаваны, было незвычайна цікава. Мы запісвалі па 20 дубляў кожнай песні, а пасля выбіралі лепшае. Гэта трошкі нагадвала працу рэжысёра з акторамі. Дарэчы, асноўны аб’ём музыкі быў запісаны на мікрафон у хатніх умовах».

У адборы песень удзельнічалі і маленькія выканаўцы. Найбольш улюбёнымі сталі «Цяцерка», «Кура-шчабятура», «Ладу-ладу-ладкі». Дзякуючы сучасным аранжыроўкам архаічныя традыцыйныя песні загучалі весела і рытмічна. «Мы бралі за прыклад папулярны заходнегерманскі гурт «Боні-М» (Boney M), які складаецца з выхадцаў з Ямайкі, – адзначылі аўтары музычнага праекта. – Аказалася, што большасць кампазіцый, якія карысталіся безумоўным поспехам, былі народнымі негрыцянскімі песнямі. Мы не капіравалі Боні-М, аднак скарысталіся іх падыходам – з дапамогай бубнаў, бразготак і іншых інструментаў народныя мелодыі набылі завадны рытм».

«Дзіцячы альбом» прызначаны для сямейнага праслухоўвання, дзіцячых садкоў і школ. На дыску ў далучаным файле прыкладзены ноты, каб выхавацелькі і выкладчыцы музыкі маглі выконваць мелодыі з вучнямі на жывых інструментах. Другая частка альбома з’явіцца бліжэй да Каляд і будзе напалову складацца з аўтарскіх і калядных песень.

 

https://www.traditionrolex.com/8