https://www.traditionrolex.com/8
<p>Як часта мы захапляемся гарадамі, пабудовамі, помнікамі, паркамі ў іншых краінах, іншымі парадкамі, іншымі звычаямі і традыцыямі, а вось свайго роднага не ведаем, не шануем, не ставiмся да яго ашчадна самі і не вучым гэтаму сваіх дзяцей.</p>

Анатоль АНДРУШКЕВІЧ, фота Сяргея ПЛЫТКЕВIЧА

Як часта мы захапляемся гарадамі, пабудовамі, помнікамі, паркамі ў іншых краінах, іншымі парадкамі, іншымі звычаямі і традыцыямі, а вось свайго роднага не ведаем, не шануем, не ставiмся да яго ашчадна самі і не вучым гэтаму сваіх дзяцей.

Каб па-сапраўднаму любіць родную зямлю, яе трэба ведаць. Ведаць не па фільмах, не па фотаздымках, а, як кажуць, у жывую.

Сярод мноства цікавых мясцін нашай краіны пачэснае месца павінна належыць Лошыцкаму парку ў Мінску, або, больш дакладна, Лошыцкаму сядзібна-паркаваму комплексу.

Адна з важных асаблівасцяў парка у тым, што, каб трапіць у яго, не трэба ехаць за трыдзевяць зямель. Дастаткова сесці на тралейбус № 24 або аўтобусы №№ 5т, 52, 65, 102, 123, 124 і даехаць да прыпынка «Камвольны камбінат» або «Холадакамбінат № 2». Застаецца перайсці вуліцу Мая­коўскага (раней гэта быў Ігуменскі тракт) – і вы ў Лошыцкім парку.

Лошица

У нашым паўсядзённым жыцці мы так прывыкаем да таго або іншага слова, што нават не задумваемся, адкуль яно з’явілася. Дзе жывеш? У Лошыцы. Які канцавы прыпынак у гэтага аўтобуса? Лошыца. Дзе мы сёння сустрэнемся? У Лошыцкім парку. Які гатунак бульбы ты вырошчваеш у сябе на дачы? Лошыцкі. А як называецца гэта рачулка? Лошыца. Дык адкуль з’явілася назва «Лошыца»?

У тапанімічным слоўніку бела­рускіх назваў В.А. Жучкевіча мы знаходзім, што слова «лоша», «лошыца» паходзяць ад слова «ласось». Лічаць, што ў даўнія часы гэтая рыба вадзілася ў рэчцы Лошыца. Лошыца – невялікая рачулка, якая бярэ пачатак на тэрыторыі Мінска недзе ў раёне Курасоўшчыны. Зараз у яе пападаюць сточныя, не вельмі ачышчаныя воды, і, безумоўна, ласосі тут не сустракаюцца.

На Беларусі многія населеныя пункты атрымалі назву ад той ці іншай рыбы: «Карасёўка», «Акунёўка» і інш. 

Ёсць таксама версія, па якой назва ракі Лоша (маленькая пятляючая рака) паходзіць ад слова «жарабя». Менавіта так гэта слова гучыць на прыпяцка-пінскім дыялекце.

Аб рэчцы Лошыца складзена нямала легенд. Па адной з іх некалі ў ваенным паходзе воіны зрабілі пад шатром з ветак і шкур ложа для свайго князя. А на раніцу ён убачыў, што з таго месца, дзе на зямлі было яго ложа, забіла крынічка, якая дала пачатак маленькай рэчцы. Рэчку гэту так і назвалі – Лоша, таму што яна ўзяла пачатак з месца ложа князя.

Гісторыкі лічаць, што ўжо ў X стагоддзі стаяла на месцы Лошыцкага парка вялікае гарадзішча, якое пазней раздзялілася на некалькі мелкіх – Лошыцу Вялікую, Лошыцу Малую, Лошыцу Гарнастаеўскую. Аб тым, што людзі даўно пасяліліся на тэрыторыі, якую зараз займае Лошыцкі парк, сведчаць археалагічныя раскопкі. Гэта тэрыторыя абазначана валунамі.

Згодна з «Літоўскай метрыкай» (1557 г.), на вялікай тэрыторыі к поўдню ад Мінска, па цячэнні Лошыцы, існавалі двор Лошыцкі князя Талачынскага і Двор Сухая Лошыца князя Адзінцова. Пазней Лошыца пераходзіла ад адных гаспадароў да іншых. У 1582 годзе Лошыца належала дачцэ мінскага гараднічага Марціна Валадковіча Палоніі, якая выйшла замуж за князя Друцкага-Горскага. Каля вытокаў гэтага роду стаяў полацкі князь Рагвалод Барысавіч, больш вядомы як Усяслаў Чарадзей.

У 1719 (па другіх дадзеных у 1708) годзе князі Друцкія-Горскія развіталіся з сядзібай, прадаўшы яе Ежы Антонію Прушынскаму.

За Прушынскімі Лошыца заставалася 158 гадоў, змяніўшы некалькі пакаленняў гаспадароў.

У 1877 годзе Лошыца стала ўласнасцю непрамога патомка Прушынскіх – пляменніка Яна Любанскага (сына роднай сястры Станіслава Прушынскага). Справа ў тым, што ні Яўстах, ні Станіслаў Прушынскія (апошнія гаспадары роду Прушынскіх) сваіх дзяцей не мелі.

З 1884 года гаспадаром Лошыцы становіцца Яўстах Іванавіч Любанскі. З ім звязаны 28-гадовы перыяд найбольш паспяховага развіцця Лошыцкай сядзібы, якая ператварылася ў адну з лепшых гаспадарак Мінскай губерніі, а Лошыца стала месцам свецкага жыцця.

Той выгляд сядзібнага дома, флігеля, дома вартаўніка, якія мы сёння бачым, звязаны менавіта з Яўстахам Любанскім.

Апошнім уласнікам сядзібы стаў брат Яўстаха Любанскага Аляксандр.

У 1917 годзе ў сядзібе жылі (разам з гаспадаром) 88 чалавек.

Гісторыя Лошыцы ў даваенны перыяд, як і ўся беларуская гісторыя, у большасці сваёй супярэчлівая. Многія дакументы, якія апісваюць гэтыя гады, замоўчваюцца або нераскрытыя.

Першыя гады Савецкай улады звязаны з падрыхтоўкай у гэтым месцы кадраў для падпольнай працы ў Заходняй Беларусі.

У 1921 годзе ўрадам Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь прымаецца рашэнне аб стварэнні ў Лошыцы агранамічнага аддзялення сельскагаспадарчага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але па розных прычынах гэты факультэт Белдзяржуніверсітэта ў Лошыцы так і не быў адкрыты.

Сярод асаблівых падзей гісторыі Лошыцы даваеннага перыяду неабходна адзначыць стварэнне ў 1925 го­дзе Беларускага філіяла Усесаюзнага інстытута прыкладной батанікі і новых культур. Менавіта з Лошыцы бярэ пачатак і развіваецца беларуская селекцыйная навука і практыка.

Калі пачалася вайна, у сядзібе асела вярхушка нямецкіх акупацыйных улад на чале з Вільгельмам Фрайтагам. Сюды любіў наведвацца генеральны камісар Беларусі, гаўляйтар Вільгельм фон Кубэ і яго пераемнiк Курт фон Готберг.

У ліпені–лістападзе 1944 года ў Лошыцы размяшчаўся штаб партызанскага руху.

Пасля вайны Лошацкі парк быў аддадзены пад сельскагаспадарчыя ўгоддзі саўгаса «Лошыца» (93 га). Некалькі саўгаснікаў знайшлі прытулак у шматлікіх пакоях флігеля і доміка стоража.

У 1988 годзе Лошыцкі парк быў аб’яўлены помнікам гісторыі, культуры і археалогіі. Саўгаснікаў перасялілі.

У 1998 годзе Лошыцкі парк перададзены «Мінскзеленбуду».

Восенню 2011 года комплекс быў адкрыты і атрымаў свой сучасны выгляд.

Акрамя культурна-гістарычнага, прыродна-экалагічнага, Лошыцкі парк, як і ўсе паркі, мае яшчэ адно важнае значэнне – рэкрэацыйнае. На шматлікіх сцяжынках парка часта можна сустрэць людзей, якія наведваюць яго амаль кожны дзень. На пытанне, чаму яны наведваюць парк, людзі адказваюць, што іх прываблівае асаблівая атмасфера, яднанне з прыродай, станоўча дзейнічае навакольнае асяроддзе, якое дапамагае набірацца моцы, пазбаўляцца ад негатыўных думак, садзейнічае станоўчаму настрою.

Мабыць, пасля таго як вы наведаеце Лошыцкі парк, вернецеся сюды яшчэ не адзін раз, і тут у вас з’явіцца свой любімы куток.

https://www.traditionrolex.com/8