Яўген ГУЧОК, фота Сяргея ПЛЫТКЕВIЧА
Магдэбургскае (майдэборскае, саксонскае, нямецкае, тэўтонскае) права – адна з найболей вядомых сістэм феадальнага гарадскога права – склалася ў XII-XIII стст. у нямецкім горадзе Магдэбургу (цэнтры архіепіскапства) на падставе розных юрыдычных крыніц: прывілеяў, выдадзеных галавой архіепіскапства гарадскому патрыяту (1188 г.), «Саксонскага зерцала», пастаноў гарадскога суда і інш. Яно трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гарадской улады, суда з яго кампетэнцыяй і парадкам судаводства, пытанні зямельнай уласнасці ў гарадскіх межах, парушэнні ўладання, захопу нерухомасці; устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў, у тым ліку і маральныя правіннасці і г. д.
Пад патранатам гэтага права знаходзіліся гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. Магдэбургскае права юрыдычна замацавала поспехі гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць – правы і свабоды на самакіраванне, уласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі былых павіннасцей. Паводле магдэбургскага права, перасяленне чалавека ў горад з сельскай мясцовасці рабіла яго вольным ад прыгнёту, вызваляла ад шматлікіх феадальных абавязкаў. Чалавек гэты ў пэўным сэнсе, праўда, у значна аблегчаным варыянце, нагадваў калгасніка, якому ўдалося ўцячы ў горад са сталінскага калгаса. Але і сталінскі горад быў таксама апірышчам феадалізму, а то і рабства.
Магдэбургскае права атрымала шырокае распаўсюджанне ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, а менавіта яно было перанята большасцю гарадоў Усходняй Германіі, Усходняй Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы, ВКЛ (Вялікага княства Літоўскага). Сама ж Магдэбургская зямля знаходзілася ў паўднёвай частцы Сярэднееўрапейскай раўніны і часткова ў гарах Гарц; а цэнтр гэтай зямлі – Магдэбург (упершыню ўзгадваецца ў гістарычных крыніцах у 805 г.) змяшчаўся на беразе Эльбы.
Граматы на магдэбургскае права, што датычна ВКЛ, давалі вялікія князі; прыватнаўласніцкім гарадам – уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве – зноў жа вялікія князі ВКЛ. Як правіла, пры наданні таму ці іншаму гораду княства магдэбургскага права браліся пад увагу і мясцовае звычаёвае права, а пазней – пэўныя палажэнні артыкулаў Статутаў ВКЛ. І яшчэ. Пры ўвядзенні магдэбургскага права ў прыватнаўласніцкіх гарадах магнат і гараджане бралі для сябе за ўзор буйны горад княства. Так, для Нясвіжа (1586 г.) па прывілеі Стэфана Баторыя ўзорам былі Вільня і Гродна. Да таго ж граматы тыя адпаведна давалі гарадам і ўласныя гербы.
Неад’емным атрыбутам – сімвалам гарадскога самакіравання, знакам самастойнасці і палітычнай вольнасці горада з’яўлялася ратуша, якая звычайна будавалася на галоўнай (рыначнай) плошчы ці на набярэжнай, калі горад меў яшчэ і функцыі порта. У ратушы змяшчаліся канцылярыя самакіравання, гарадская казна, архіў з кнігамі адміністрацыйных прадпісанняў рады і яе судовых рашэнняў, граматы з прывілеямі, выдадзенымі гораду. Тут праводзіліся і пасяджэнні судоў. Ратушны суд быў у Полацку, Магілёве, Слуцку, Пінску, Мінску, Кобрыне і іншых гарадах.
Часам ратушы будавалі з крамамі, аўстэрыямі (корчмамі), гасцінымі дварамі. Падвалы і першыя паверхі ратушных будынкаў адводзілі пад хлебныя крамы, склады тавараў прыезджых купцоў і інш., а часам да іх прыбудоўвалі арсенал (Магілёў, які знаходзіўся бліжэй да мяжы з Масковіяй). Найбольш вядомымі былі ратушы Віцебская, Слонімская, Чачэрская, Шклоўская, Магілёўская, Нясвіжская.
У ліку першых у ВКЛ магдэбургскае права атрымала яго сталіца – Вільня (1387 г.). Адносна ж гарадоў і мястэчак Беларусі ў сённяшнім геаграфічным «раскладзе» магдэбургскае права мелі амаль 60 з іх. Першым атрымаў яго Брэст (1390 г.); потым, праўда, няпоўнае – Гродна (1391 г.), поўнае – у 1494 г. Другім беларускім горадам, які атрымаў поўнага «магдэбурга», быў Слуцк (1441 г.); далей ішлі: Высокае (1494 г.), Полацк (1498 г.), Мінск (1499 г.) і г. д., паступова, пакуль не пачаліся падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг. ), у якую на той час уваходзілі землі Беларусі і якія таксама былі паняволены Масковіяй. За год (1792) да другога падзелу паспелі атрымаць магдэбургскае права Ашмяны, Воўна, Вугор, Геранёны, Пераброддзе, Прывалка, Цырын і Шарашова. Тым самым іх жыхары яшчэ больш былі зараджаны на будучае супраціўленне новым акупацыйным уладам.
Магдэбургскае права далей мяжы паміж ВКЛ і Масковіяй распаўсюджання не мела: там яно было непажаданым, там проста не было ўмоў для яго існавання. Там была ўжо дзікая Азія – татара-мангольшчына з паняволенымі народамі Паволжжа, Урала, Сібіры, Поўначы і Далёкага Усходу. Да канца XVIII ст. за лінію мяжы паміж Еўропай і Азіяй прымаліся ўсе больш усходнія рубяжы Днястра, Дняпра і Дона. У другой палове гэтага ж стагоддзя навуковец немец Пётр Сіман Палас (1741–1811 гг.), здзяйсняючы мару, выконваючы запавет і працягваючы намаганні Пятра I, вядома, не без ганарараў, прапанаваў праводзіць мяжу паміж Еўропай і Азіяй спачатку па Волзе, а потым – як яна лічыцца цяпер (па Уралу – гарах, рацэ і г. д.). Еўропа, зноў жа – за пэўныя ўзнагароды, гэту прапанову немца прыняла. І сёння маем тое, што маем. Дарэчы, П.С. Палас у 1767 г. у 26-гадовым узросце быў абраны членам Пецярбургскай акадэміі навук і пераехаў у Расію. Там ён меў шмат прывілей і прэферэнцый.
Магдэбургскае права на Беларусі было скасавана паводле ўказаў расійскай імператрыцы Кацярыны II у Магілёўскай губерні ў лістападзе 1775 г., у Мінскай – у маі 1795 г., у Заходняй Беларусі – у снежні 1795 г. Як бачым, непажаданае для Расіі права на гарадское самакіраванне на тэрыторыі Беларусі распаўсюджвалася сістэмна, метадычна-паступова з захаду на ўсход, а потым – адпаведна па-варварску, метадычна-гвалтоўна вынішчалася з усходу на захад. Вядома, які лёс напаткаў гарадскія гербы і ратушныя збудаванні: гербы мянялі-падганялі «пад расійскі абцас», ратушы пераважна перабудоўвалі, перапрыстасоўваючы пад што-небудзь, часам амаль руйнавалі (бывалі выключэнні), як цэнтральныя часткі Брэста ці Бабруйска, каб не нагадвалі аб еўрапейскай мінуўшчыне, і ўзводзілі на іх месцы крэпасці, вязніцы і турмы, з дапамогай якіх душыліся паўстанні паняволенага краю. Жыхароў мястэчак, магдэбурскае права якіх было скасавана, новыя ўлады імкнуліся перавесці ў стан прыгонных сялян. Апошнім часам робяцца спробы правалы памяці залатаць навадзеламі (адбудова знішчаных калісьці ратуш у Магілёве, Мінску і інш.).
Як і ўсякае іншае паселішча, горад, мястэчка, надзеленыя магдэбургскім правам, апроч гэтага, мелі яшчэ і розныя іншыя непаўторныя «адмеціны» і асаблівасці, пра якія кожнаму турысту і вандроўніку, безумоўна, цікава пачуць, а то і пабачыць, калі там яшчэ штось захавалася. Канечне, варта пачаць з Магдэбурга – бацькі гарадоў магдэбургскіх. Трэба заўважыць, што горад гэты двойчы (пад час 30-гадовай вайны 1618 – 1648 гг. і ў 1945 г.) амаль поўнасцю разбураўся. Сёння ён – адзін з квітнеючых нямецкіх гарадоў. Хто з нас яшчэ са школьных гадоў не чуў па магдэбургскія паўшар’і? Гэта дзве шчыльна прыціснутыя адна да другой металічныя паўсферы, якія цяжка раз’яднаць, калі з прасторы паміж імі адпампаваць паветра. Паўшар’і гэтыя зроблены ў Магдэбургу (адсюль і назва) у 1654 г. фізікам і бургамістрам горада Ота Герыке, які пры іх дапамозе прадэманстраваў наяўнасць атмасфернага ціску. Ён жа ўпершыню (1660 г.) пабудаваў вадзяны барометр і скарыстаў яго для прадказання надвор’я. (Нам бы такіх мэраў – вынаходнікаў-некарупцыянераў!).
А чым жа адметны нашы былыя беларускія «магдэбургцы»? Што тут сёння можа прыцягнуць нашу ўвагу? Вядома, варта ў першую чаргу не абмінуць увагай тыя гарады і мястэчкі, якія абышлі турыстычныя маршруты, аб якіх мала ці недастаткова ўзгадваюць не только ў глянцавых выданнях, але, як кажуць, і ў простым папяровым друку, а таксама ў радыё- і тэлеэфірах. Да іх пакуль, вядома, не дайшла яшчэ, хай не на вялікую даўжыню, чарга. А там, несумненна, ёсць інфармацыя аб не зусім звычайных аб’ектах, неардынарных асобах, знакавых падзеях і г. д., – можа, не такой значнасці, як магдэбургскія феномены, але… Але неабходна ўзгадаць пра нешырока вядомае ў шырока вядомым. Гэта значыць, што аб такіх гарадах, як Брэст, Гродна, Полацк, Мінск, Магілёў, Віцебск і некаторых іншых, спасылаючыся на наяўнасць аб іх багатай інфармацыйнай прасторы, тут будзе сказана амаль толькі згадваннем пра першае аб іх упамінанне і пра дату надання ім магдэбургскага права. Больш будзе сказана пра паселішчы з менш вядомым мінулым і сучасным. Такім чынам, падаем невялікі дадатак да таго, што агульна і шырока вядома. Так як Брэст першым з беларускіх гарадоў стаў «магдэбургцам», то ў якасці ўводзін да іншых гарадоў і мястэчак варта сказаць пра яго колькі слоў. І, канечне, у пэўным сэнсе хай гэта будзе як бы ўзорам характарыстык для іншых.
Брэст. Горад, цэнтр Брэсцкай вобл., порт на р. Мухавец. Упершыню як паселішча ўзгадваецца з 1019 г. Грамату на магдэбургскае атрымаў у 1390 г. Да агульнавядомага пра Брэст неабходна дадаць: у 1563 г. тут Радзівіл Чорны пабудаваў першую ў межах сучаснай Беларусі друкарню, у якой была выдадзена Брэсцкая Біблія. У 1665–1666 гг. у горадзе працаваў манетны двор, які выпускаў медныя соліды (барацінкі), што чаканіліся па ініцыятыве трымальніка манетных двароў Ціта Лівія Бараціні. Адкрытая ў 1974 г. Крымскай астрафізічнай абсерваторыяй малая планета № 3232 Сонечнай сістэмы носіць назву Брэст. Брэст як гарадская планета ВКЛ была панішчана Расійскай імперыяй пасля ўключэння ў яе горада, які першы з нашых гарадоў атрымаў магдэбургскае права. Пра мінулае і сучаснае абласнога цэнтра нашай краіны Брэста больш падрабязна нас чакае многа інфармацыі на старонках розных выданняў і ў інтэрнэце.
Гродна. Горад, цэнтр Гродзенскай вобл. і раёна, прыстань на р. Нёман. У пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца пад 1127 г. У 1391 г. горад атрымаў магдэбургскае права (напачатку няпоўнае, у 1494 г. – поўнае, у 1496-м – дапоўненае спецыяльным прывілеем). Пра багатае гістарычнае, гаспадарчае, культурнае, літаратурнае, мастацкае, тэатральнае і інш. жыццё шляхетнай Гародні нам распавядуць працы В.І. Кудрашова, Ю.А. Пашкіна, А.М. Пяткевіча, А.П. Госцева, В.В. Шведа, М.І. Ліса, Т.А. Меляшкевіча, Л.Дз. Налівайка, Дз.У. Стэльмаха і інш. А мы, удзячныя ім, – у дарогу!
Слуцк. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Слуцкага раёна Мінскай вобл. на р. Случы. Летапісны Случеск упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1116 г. Магдэбургскае права (поўнае) атрымаў у 1441 г., дарэчы, другі (пасля Брэста) з беларускіх гарадоў. Пра Слуцк таксама існуе багатая інфармацыя, але колькі цікавых фактаў усё ж трэба прывесці.
Славутая слуцкая бэра (ігруша) амаль перавялася, ды ўсё ж яе яшчэ можна сустрэць і пакаштаваць і ў самім Слуцку. Расце яна там і на сядзібе светлай памяці Паўлы Антонаўны Стралкоўскай, якая яшчэ да вайны вучыла ў Дзяржынску (Койданаве) нашага слыннага гісторыка Міколу Ермаловіча і паэта Алеся Салаўя. А ў школе N 1, знакамітай колісь гімназіі, працаваў паэт, літаратуразнаўца, краязнаўца, фалькларыст, педагог Рыгор Родчанка (1929 – 1994) – легенда Слуцка, які многіх случакоў павярнуў тварам да слуцкай старасвеччыны і які знайшоў магілу Альгерда Абуховіча, напісаў пра яго кнігу і выдаў яго творы.
Высокае (да 1939 г. Высока-Літоўск). Горад у Камянецкім раёне Брэсцкай вобл., на высокiм беразе р. Пульвы. Упершыню ўзгадваецца ў XIV ст. пад назвай Высокі Горад. Магдэбургскае права атрымаў у 1494 г. У XVI–XVIII стст. славіўся высокай якасці ткацтвам палатна і дываноў. Высока-Літоўская суконная мануфактура вырабляла сукны больш за 11 тысяч метраў (у 1826–1828 гг.).
Полацк. Горад абласнога падпарадкавання, цэнтр Полацкага раёна Віцебскай вобл. на Заходняй Дзвіне пры ўпадзенні ў яе р. Палаты. Упершыню як Полотеск упамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 862 г. Магдэбургскае права займеў у 1498 г. Інфармацыі па Полацку і Полацкай зямлі – дастаткова. Знаёмімся – і шчаслівага нам шляху!
Мінск. Горад, сталіца Рэспублікі Беларусь. Праз горад працякае р. Свіслач, тут яна прымае прыток – р. Нямігу (цячэ ў калектары). Упершыню Мінск (летапісны Меньск, Менеск) упамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 г. Магдэбургскае права атрымаў у 1499 г. Мінск як сталіца з яе мінуўшчынай, цяпершчынай і будучыняй, фігуральна кажучы, купаецца ў моры інфармацыі, таму, калі ласка – вывучайце і набліжайце да сябе.
Браслаў. Горад, цэнтр Браслаўскага раёна Віцебскай вобл., на паўночным беразе возера Дрывяты. Упершыню ў пісьмовых крыніцах упамінаецца пад 1065 г. Магдэбургскае права (няпоўнае) атрымаў у 1500 г. Паказальна, што назва горада ўтрымлівае імёны сталіцы Славакіі – Браціславы і адміністрацыйнага цэнтра Вроцлаўскага ваяводства (Польшча) – Вроцлава. Гэты тапанімічны знак, верагодна, можа сведчыць аб шляхах славян з захаду на ўсход пры перасяленні народаў. Хаця балцкае brasta (брод) можа сведчыць аб зафіксаваным становішчы аселішча каля пераходу пры азёрнай пратоцы.
У горадзе знаходзяцца гісторыка-краязнаўчы музей, касцёл – помнік архітэктуры неараманскага стылю (1824), Мікалаеўская царква – помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю (2-я палова XIX ст.), калодзежны шацёр, археалагічны помнік – гарадзішча.