https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>Іміджмейкерам даўно пара звярнуць увагу на гэты брутальны беларускі інструмент<br /></strong>Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі Дударскага фэста, які сёлета адбыўся ў музейным комплексе «Дудуткі». За апошнія дваццаць гадоў беларускі дударскі рух актыўна развіваецца: у канцы 80-х, каб пералічыць дудароў, хапала пальцаў адной рукі, цяпер жа іх больш за пяцьдзесят. Больш за тое, гэты архаічны інструмент стаў часткай сучаснай культуры, да якой ахвотна цягнецца моладзь. Таму цалкам верагодна, што ў хуткім часе беларуская дуда стане часткай інтрыгуючага іміджу нашай краіны.</p>

Іміджмейкерам даўно пара звярнуць увагу на гэты брутальны беларускі інструмент

Яна ШЫДЛОЎСКАЯ, фота Алега БЕЛАВУСАВА

Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі Дударскага фэста, які сёлета адбыўся ў музейным комплексе «Дудуткі». За апошнія дваццаць гадоў беларускі дударскі рух актыўна развіваецца: у канцы 80-х, каб пералічыць дудароў, хапала пальцаў адной рукі, цяпер жа іх больш за пяцьдзесят. Больш за тое, гэты архаічны інструмент стаў часткай сучаснай культуры, да якой ахвотна цягнецца моладзь. Таму цалкам верагодна, што ў хуткім часе беларуская дуда стане часткай інтрыгуючага іміджу нашай краіны.

duda1

Кожны наведвальнік «Дудутак» у суботу 15 мая аўтаматычна трапляў на Дударскі фэст. Праўда, на колькасць турыстаў паўплываў працоўны дзень, які супаў з фестывалем, а кагосьці напалохала лічба 40 – прыблізна столькі кіламетраў аддзяляюць скансэн ад мегаполіса. Таму свята праходзіла ў цесным коле аматараў дуды і набыло фармат невялічкага еўрапейскага фестывалю. Першы канцэрт «Адраджэнне аўтэнтычнай традыцыі» быў камерным і адбыўся ў выставачнай зале. Мэтры ігры на дудзе не толькі дэманстравалі сваё майстэрства, але і распавядалі пра асаблівасці развіцця беларускай дударскай традыцыі. Адначасова з аўтэнтычнай беларускай дудой у Беларусі развівалася і цалкам фантазійная. Так, у Інстытуце культуры ў свой час выраб гэтага інструмента паставілі на паток. «На ўласныя вочы мне даводзілася бачыць кардонныя скрыні, поўныя зробленых на станку частак дуды, – распавёў музыка Зміцер Сасноўскі, – якія потым паднявольныя студэнты-практыканты збіралі разам». Такія дуды вырабляліся сотнямі, у той час, калі сапраўднай аўтэнтыкі было мала. Аднак цяпер сітуацыя мяняецца: у больш сталых майстроў – Алеся Лася, Тодара Кашкурэвіча – традыцыю вырабу аўтэнтычнай дуды пераймаюць больш маладыя. Так, да саліста гурта Testamentum Terrae Юрася Панкевіча выстройваюцца чэргі маладых людзей, якія жадаюць набыць музычны інструмент. Папулярнасць дуды прымушае задумацца над узвядзеннем яго на новы ўзровень. «Зараз нашай краіне бракуе дастойнага і інтрыгуючага іміджу, – адзначыў майстар і музыка Тодар Кашкурэвіч. – Дуда магла б стаць сапраўдным сімвалам Беларусі, і мы б згадзіліся працаваць над гэтым. Нацыянальны сімвал – рэч вельмі сур’езная. Напрыклад, шатландскіх дудароў падчас вайны ворагі імкнуліся забіць першымі, таму што яны абуджалі ваяўнічы дух грамадзян».

Месца правядзення фестывалю было абрана вельмі ўдала. Той, хто стамляўся ад няпростых да ўспрымання гукаў дуды, ішоў шпацыраваць па тэрыторыі скансэна, наведваючы майстэрні, сувенірныя крамы, канюшні. Добраму настрою спрыяла арганізаваная падчас фестывалю дэгустацыя напоя часоў Вялікага княства Літоўскага – «Крамбамбулі». Асаблівай папулярнасцю карысталася мясцовая кавярня. Яна прыцягвала турыстаў дэмакратычнымі коштамі і смачнымі стравамі. Так, гасцям прапаноўвалі гарачыя дранікі, яечню з хатніх яек з каўбаскамі, якую прыносілі адразу на патэльні, калдуны і самаробны квас.

Па абедзе ў «Дудутках» пачаўся «Сярэднявечны баль». Другі канцэрт праходзіў на адкрытым паветры, дзе слухачы паводзілі сябе вельмі дэмакратычна: адпачывалі проста на траве, танчылі, спявалі разам з музыкамі – словы некаторых песень многія ведалі на памяць. Асабліва кідалася ў вочы, што на фестывалі было шмат дзетак. Гэта пацвердзіла тэорыю музыкаў, якія сцвярджаюць, што знаёміць з беларускімі традыцыямі трэба пачынаць з маленства. «Мой сын ходзіць у садок, – распавёў малады дудар Яўген Барышнікаў. – Аднойчы на Каляды – а гэта самы дудовы сезон – я прапанаваў выхавацельцы прыйсці з дудой. Мы абыйшлі ўсе дзіцячыя групы ў садку, і выхаванцам было вельмі цікава. Тое ж магчыма рабіць і ў школках». Пад музыку гуртоў «Келіх Кола», «Стары Ольса» запрашалі танчыць удзельнікі тэатра «Гістрыён». Авацыямі сустракалі жаночы гурт «Расалію». Яго заснавальніца Аксана Касцян насуперак традыцыі, якая сцвярджае, што дуда – гэта цалкам мужчынскі інструмент, выдатна на ім грае. Вядомы сваім стаўленнем да дударак Тодар Кашкурэвіч не мог устрымацца ад заўвагі: «Дуда – гэта агрэсіўны мужчынскі інструмент, кажа ён. – Згодна з традыцыяй дзяўчаты на дудах граць не маглі. Больш за тое, дотык да гэтага інструмента лічыўся знакам неналежных паводзін. Як адзначалі фалькларысты XIX ст, «каждая степенная девушка не то, что потанцевать не пойдет под дуду, но даже стоять возле дударя считается большим срамом из-за скоромности его вида». Вось так пэўныя эратычныя асацыяцыі сталі своеасаблівым табу для дзяўчат і жанчын адносна гэтага інструмента. У Еўропе, аднак, гэты інструмент досыць папулярны сярод жанчын. Асабліва шмат дударак у Эстоніі. Музыка Алесь Жура, які шмат гадоў жыў па-за межамі Беларусі, гэта пацвердзіў і дадаў, што аднойчы яму давялося бачыць французскія мініяцюры з выявамі далікатных жанчын, якія гралі на дудах. 

Апошняя частка фестывалю была эксперыментальнай – дуда загучала ў суправаджэнні электроннай музыкі, дудары імправізавалі разам с дзіджэямі. «Кожны год не ведаеш, якім будзе Дударскі фэст, – распавёў Зміцер Сасноўскі. – Сёлета эксперымент атрымаўся выпадковым. У мяне быў знаёмы дзіджэй Павел Балцэвіч, які спрабаваў свае сілы ў розных стылях электроннай музыкі. Потым мы вырашылі зайграць разам. Так і нарадзілася ідэя незвычайнай імправізацыі падчас фэсту». Танцы пад «псіха-фольк» ад гуртоў «Літвін Троль», Testamentum Тerrae, «Гальярда», «Кашлаты вох» працягваліся вакол запаленага пад вечар вогнішча. На дударскую дыскатэку збольшага засталася моладзь. «Дуда ангажуе эмоцыі і свядомасць маладых людзей, – разважае Тодар Кашкурэвіч. – Гэты інструмент стаў элементам сучасных субкультур. На сходы Дударскага клубу, якія ладзяцца два разы на месяц, кожны раз збіраецца каля ста чалавек. Пад дуду танчаць хэвіметалісты, фалькларысты, скіны і іншая брутальная публіка». Па словах музыкаў, эксперыменты з дудой будуць працягвацца. Магчыма, на бліжэйшым фестывалі разам загучаць дуда і саксафон. Першыя спробы паімправізаваць з джазавымі музыкамі ўжо былі. Так, Тодар Кашкурэвіч сыграў разам з вядомым літоўскім джазмэнам Петрасам Вішняускасам. Заінтрыгаваным слухачам застаецца сачыць за авантурамі дударскага жыцця. І хадзіць на Дударскія фэсты.

 

https://www.traditionrolex.com/8