https://www.traditionrolex.com/8
<p>Балканы. Я марыў аб іх ужо некалькі гадоў. Нават стаміўся марыць. А штуршком былі беспардонныя хуліганы і бунтары Югаславіі – Эмір Кустурыца, Горан Брэгавіч і банда цыганоў з трубамі, што ў фільмах навязліва бегаюць за багаценькімі бурацінамі. Фільмамі і мелодыямі, кадрамі і нотамі гэтыя хлопцы здолелі прымусіць мяне настолькі моцна закахацца ў Балканы на адлегласці, што мне нічога не заставалася як у адзін «прэкрасны» момант адправіцца туды, каб паглядзець увачавідкі на гэтае маё каханне. І трэба сказаць – як і ў гісторыі з дзяўчынай, расчаравання не прыйшлося доўга чакаць. Але штосьці ж прымусіла мяне пасля першых «абломаў» не развярнуцца назад. Даехаў жа неяк да Чарнагорыі – самага поўдня гэтай «блаславёнай зямлі»! Ды яшчэ з заваротам у яе найбольш «блаславёны» куток – Косава...</p>

Раман Абрамчук

Балканы. Я марыў аб іх ужо некалькі гадоў. Нават стаміўся марыць. А штуршком былі беспардонныя хуліганы і бунтары Югаславіі – Эмір Кустурыца, Горан Брэгавіч і банда цыганоў з трубамі, што ў фільмах навязліва бегаюць за багаценькімі бурацінамі. Фільмамі і мелодыямі, кадрамі і нотамі гэтыя хлопцы здолелі прымусіць мяне настолькі моцна закахацца ў Балканы на адлегласці, што мне нічога не заставалася як у адзін «прэкрасны» момант адправіцца туды, каб паглядзець увачавідкі на гэтае маё каханне. І трэба сказаць – як і ў гісторыі з дзяўчынай, расчаравання не прыйшлося доўга чакаць. Але штосьці ж прымусіла мяне пасля першых «абломаў» не развярнуцца назад. Даехаў жа неяк да Чарнагорыі – самага поўдня гэтай «блаславёнай зямлі»! Ды яшчэ з заваротам у яе найбольш «блаславёны» куток – Косава...

Дарогі аўтаспынныя

Перад вачыма толькі і мільгацяць назвы населеных пунктаў, краявіды, кiроўцы. Ага, гэты Вася вязе да Братыславы (Славакія), і хоць праз Братыславу мне зусім не ў жылу, але еду, бо з ім – цікава і надзейна. Ёсць што паслухаць ад 50-гадовага бізнесоўца з Аўстрыі, што эміграваў з Польшчы яшчэ ў драмучыя рэжымныя часы. А з гэтым вадзілам – бегчы далей ад такога прыдурка, выходжу праз некалькі кіламетраў, заўважыўшы яго нездаровыя сексуальныя замашкі. Ну, а гэты вось – сведка Іеговы – пасля невялічкага загрузу па сваёй тэматыцы падвозіць мяне туды, куды я і не спадзяваўся, куды яму зусім не трэба.

О, аўтаспын! Калі я набуду машыну і здам на правы, я захаваю столькі нерваў і часу! І... згублю ўсе гэтыя гісторыі, размовы, сустрэчы, праз якія можна столькі даведацца аб чалавеку!

Балканы_1

Са смагі не памруць

Адно з першых уражанняў – вада на Балканах. Толькі заехаўшы ў Сербію, адыходжу ад аўтабана на 50 м убок, у вясковай хаце прашу вады. Мужчына падымае шланжык з зямлі (вада няспынна цурчыць) і напаўняе мне бутэлькі. Мне нязвыкла піць ваду з такой крыніцы, але вада насуперак маім чаканням аказваецца чыстай і смачнай. І потым так было паўсюль. Ваду тут можна піць літаральна з любога «шланжыка» – на машыннай мыйцы, на газоне і ў фантанах, у кранах рукамыйнікаў... Яна смачная і чыстая паўсюль. Потым, ужо блукаючы па гарах і назіраючы, як там нараджаюцца чысцюткія крыніцы, што хуткімі рэкамі спадаюць у даліны да людскіх паселішчаў, я ўсё зразумеў. А вяртаючыся дадому, заўважыў – ужо навастрыўшы густ, – як смак вады ўсё-такі змяняецца ад гарыстага поўдня да раўніннай поўначы. У любым разе вада – гэта мясцовы скарб, аб якіх мясцовыя добра ведаюць. Але не імкнуцца гэта прадаць, што ў прынцыпе радуе ў кантэксце іншых цыганска-меркантыльных штучак, якімі славяцца Балканы. Не толька ведаюць, але і шануюць. І нават абагаўляюць. Відавочна даўняй традыцыяй тут з’яўляецца асвячаць уладкаваную крыніцу. Я бачыў такія крыніцы пяці відаў: праваслаўныя (іх, напэўна, найбольш, і для мяне гэта не было экзотыкай), мусульманскія (выглядаюць роўна гэтак жа, толькі з паўмесяцам), савецкія (з пяціканцовай зоркай і надпісам аб – «героях, што загінулі за сацыялістычную будучыню...»), прыватныя (хтосьці ўладкаваў крыніцу ў памяць аб сваім памерлым блізкім чалавеку, і замест рэлігійнага сімвалу – яго партрэт) і грамадскія (дапусцім, сельсавет акультурыў крыніцу ў цэнтры горада «ў якасці падарунка жыхарам пасёлка...»). І паўсюль – аднолькавая форма, той жа кранік. Змяняецца толькі сімвал пасяродку... Гэты «водны» фактар быў вельмі станоўчы ў перспектыве шалёнай спёкі і адсутнасці дажджоў. Пітную ваду ў бутэльцы я апошні раз купіў на мяжы Польшчы і Славакіі, ашчадзіўшы потым такім чынам на вадзе некалькі дзясяткаў еўра...

Пардон, жэ не парле франсэ

О, мая пасіўная ангельская! О, засвоеная ў крамах і кавярнях польская! О, руская, якую атрымаў бонусам ад нараджэння! О, мая французская, аб курсах якой я мару! Як жа я вас зацаніў у падарожжы! Як жа ўзрадаваўся, што вы ў мяне ёсць! З палякамі – балбачу пра апошнія навіны, з самазадаволенай усмешкай выслухоўваючы іхнія «сконд пан так добжэ ве польскі?» Са славакамі – на той жа польскай. З сербамі – ужо лепей інгліш, а калі не, то руска-беларуска-польская мяшанка ў любым разе дапаможа. З заходнееўрапейцамі – зноў жа інгліш, без варыянтаў. У гэтым падарожжы, маючы стасункі з сербамі, палякамі, рускімі, французамі, украінцамі і каго там яшчэ не было, я напоўніцу адчуў кошт гэтых ведаў. І калі раней я марыў, што рускую забуду, як сапраўдны патрыёт, то цяпер для мяне гэта яшчэ адна нагода парадавацца, што я ведаю не адну, а дзве міжнародныя мовы. І магу іх пераключаць, як раскладку на ноўтбуку.

Мова – гэта ключык. Дарагі, каштоўны. Так проста яго не здабу­дзеш. Але менавіта ён адкрые дзверку да чужых скарбаў. Дасць уменне зразумець у тонкасцях жыццё ў іншым свеце, дакрануцца да чужога досведу. І калі мы тут усе так хочам быць еўрапейцамі, то вельмі варта пачаць вось з гэтага вельмі даступнага моманту – вывучыць усім ангельскую. А яшчэ – французскую або нямецкую ў дадатак. І тады мы бу­дзем свае не толькі ў той кампаніі, дзе каля вогнішча спяваюць «Это всё» і «Ой-йо», але і там, дзе гэтак жа дружна зацягваюць «With or without you» U2 або «Salut» Джо Дасэна. І тады замежныя навіны будзе не абавязкова чытаць у рускім перакладзе на рускіх сайтах і ў рускай інтэрпрэтацыі. Можна будзе чэрпаць з першакрыніцы.

Балканы_2

Так, трэба прызнаць, што Еўропа падзелена на Істэрн і Вэстэрн (Усходнюю і Заходнюю). Руская – гэта кайнэ (міжнародная мова) для Усходняй, ангельская – для Заходняй Еўропы. Але, мне падаецца, беларусы пры жаданні і пэўных высілках маглі б быць масточкам паміж гэтымі двума светамі.

Адзінае месца, дзе мне было цяжка ў гэтым падарожжы, – гэта Венгрыя. Не, моладзь там, як і паўсюль у Еўропе, паціху асвойвае інгліш, закладаючы падмурак будучай міжнароднай супольнасці. Але людзі сталага веку, як і ў нас, не адкажуць на пытанне «What is your name?» (Як вашае імя?). А венгерская мова не падобная ні на славянскія, ні на лацінскія гоманы. Хаатычны набор глухіх шыпячых для нашага вуха. Менавіта з гэтымі людзьмі я размаўляў жэстамі, мімікай і эмоцыямі.

Мне спакою не дае эпізод з аднаго фільма, дзе сябры – француз і амерыканец – размаўляюць кожны на сваёй мове, але разумеюць адзін аднога з дакладнасцю. Прычым паўтараючы часам адну і тую ж фразу на сваёй мове. Гэткі падыход я імкнуся рэалізаваць кожны раз, калі моўныя веды – на нулі. Тады толькі дабразычлівая ўсмешка заменіць і ідыёму, і складаную моўную канструкцыю, і спецлексіку.  

Цыганшчына

Ды я ж дзеля іх усё! Дзеля іх музыкі і непасрэднасці столькі кіламетраў ехаў! Столькі за дарогу нацярпеўся! А яны мне – дай ды дай! Грошы, вядома ж... Першыя цыганы – на запраўцы ў Венгрыі. Дзве дзяўчыны, бліскаючы размаляванымі вачыма і стразамі на кароткіх спадніцах, прапануюць купіць не менш бліскучы мабільнік, круцяць яго перад вачыма і спакусліва ўсміхаюцца. Удвойваю ўвагу за сваімі рэчамі. На вакзале ў Будапешце прашу аднаго цыгана сфатаграфаваць яго тавар – мілыя дэкаратыўныя сланечнікі, якія тут дораць, як у нас кветкі, і адразу атрымліваю папрашайку на сваю галаву: заплаці за фота. Але асноўны цыганскі тэрор мяне чакаў напера­дзе, на фестывалі сербскіх трубачоў, куды я так спяшаўся патрапіць. Мне падалося, што «дай» – ледзь не адзінае слова ў іх лексіконе, прынамсі, найбольш канцэптуальнае. Дай грошы, дай ежу, дай струну для гітары, а лепш тры... Ды гэта яшчэ паўбяды. Бяда там, дзе з’явіўся еўрапеец з яго цывілізацыяй, бо цыган тут жа прыдумае як з гэтага пажывіцца. Серб прыдумаў вакзал і агульнадаступную разетку ў ім – цыган ужо тут, каб усур’ёз патрабаваць з вас грошы за тое, што вы падсілкавалі мабільнік. Серб прыдумаў грамадскую прыбіральню? Цыган ужо тут, каб «састрыгчы» з вас 50 дынараў за ўваход... Але суседства з такім народцам не прападзе марна, дасць вынікі. Сербы ацыганьваюцца самі: вось, душы для гасцей фестываля яшчэ раніцай былі бясплатнымі, а ўжо ўдзень, калі чыноўнікі з горада з’ехалі дадому, купка маладзёнаў без сораму ў вачах пачынае прадаваць туды ўваход... Разгаварыўся аб гэтым з францужанкай, якая заплаціла 15 еўра за месца для намёта – немаведама каму, немаведама навошта. Яна кажа, што ёй не шкада, бо гэта дробязь, а гэтым людзям – грошы за працу, якую яны зрабілі, арганізаваўшы фестываль.

Эх, не хапіла ў мяне злосці тады сказаць тым смуглявым «арганізатарам», што ёсць краіны, дзе беласкурыя людзі купляюць 1 еўра па 11000 мясцовых «рупій»... О, Сербія! А таксама Францыя, Румынія і ўсе іншыя, акупаваныя цыганамі! Цяжка вам, на чыіх плячах апынуліся вось такія «джэнтльмены ўдачы», якія так прынцыпова прагнуць заставацца няўмытымі маргіналамі. Хаця я перабольшваю. Цыган мыецца – раніцай у крыніцы, хоць побач – камфортны туалет. Спіць – на адкрытым паветры на матрасах, раскладзеных на падворку гасцініцы. Яны непапраўныя ў сваім бадзяжніцтве і меркантылізме. Але хто мне патлумачыць гэты парадокс: чаму менавіта пад іх музыку – а яны граюць выключна тады, калі ім заплаціцлі, – ногі самі выкручваюцца ў танцы, цела звіваецца ў фігуры, якіх не ведала раней, а далоні шалёна пачынаюць біць у такт?! Цыганы – сапраўдныя каралі міжнароднага фестываля трубачоў «Гуча», і няхай сербы, якія лічаць гэты інструмент сваім нацыянальным, крыўдзяцца на мяне за гэтыя словы. Праўды не схаваць.

(Працяг ў наступным нумары)

https://www.traditionrolex.com/8