https://www.traditionrolex.com/8
<p>Наш народ – заўсёды быў вельмі пабожны. Сёння ў пантэоне беларусаў адно з самых паважаных месцаў займае бог Шэнген.</p>

Раман АБРАМЧУК

Наш народ – заўсёды быў вельмі пабожны. Сёння ў пантэоне беларусаў адно з самых паважаных месцаў займае бог Шэнген.

Шэнген – гэта ўвасабленне дастатку, дабрабыту ў хаце і неабмежаваных магчымасцяў. Ён з’яўляецца апекуном вандроўнікаў, але толькі тых, што здзяйсняюць сваю вандроўку ў заходне-паўночным кірунку. Людзі ўяўляюць яго як маладжавага, паспяховага мужчыну са смарт-фонам і барсеткай, якія сімвалізуюць дзелавітасць і кар’ерныя поспехі. Звычайна коратка стрыжаны, ён відавочна буяе здароўем. Абавязковы атрыбут – невялікі жывоцік, як прыкмета пастаянных паездак на калясніцы з вялікім багажнікам. Асаблівая прыкмета – позірк, скіраваны ўдалячынь. Яго не могуць стрымаць ані межы, ані сцены. Ён сягае ў нязведаныя абшары і здабывае там цуда-рэчы, танна, яшчэ танней, са зніжкамі і на распродажах. Бог Шэнген, паводле міфалагічных уяўленняў сучасных беларусаў – гэта сын божышча Мамоны і Залатога бычка, якія прыносілі багацце, сімвалізавалі прыплод. Менавіта ад іх богу Шэнгену перадалося віртуознае ўменне разглядаць любога чалавека як набор рэсурсаў, а дні і гадзіны зямнога жыцця – мераць рублямі і далярамі.

Богу Шэнгену служаць у спецыяльна уладкаваных капішчах, якія называюцца Амбасадамі, Консульствамі або Пасольствамі. Камланне пачынаецца з самой раніцы. Нават хрысціяне перыяду рымскіх катакомбаў маглі б пазайздросціць такой пабожнасці. Чаргу, каб пакланіцца галоўнай святыні, займаюць яшчэ да світання.

Культ Шэнгена распаўсюджаны не толькі на абшарах, дзе рассяляюцца беларусы, але і па ўсёй Усходняй Еўропе – там, дзе са старажытнасці людзі былі прывучаны шанаваць тых, хто мацней за цябе, любіць толькі тых, хто табе можа даць узамен штосьці, пажадана наяўнымі.

Але як ў любой рэлігіі – у сучасным шэнгеніянстве з'явіліся свае «ваўкі ў авечых шкурах». Даўно ўвайшоўшы ў лік веруючых, яны атрымалі магчымасць спекуляваць на даверы сваіх братоў і сясцёр. І калі «святыя зямлі беларускай» у шэнгіянстве – гэта амбасадары, консулы і паслы, да якіх так і прагнуць трапіць на споведзь мае землякі, то «хітругі зямлі беларускай» – гэта тыя, хто чыніць перашкоды сваім суайчыннікам па шляху да блаславёнага Шэнгена. Менавіта яны, лукавыя, не спяць начамі, «забіваючы» даты наведвання консульства адну за адной – на сайце рэгістрацыі анкетаў. І ўсё для таго, каб потым сваім братам і сёстрам перапрадаць месца ў чарзе за бліскучыя медзякі. Менавіта яны займаюць месцы ў жывых чэргах перад акенцам, не пускаюць туды іншых, кантралююць прыход-сыход, і ўсё для таго, каб нажыцца на сваіх жа братах і сёстрах. Жрацы-консулы, прыезджыя з «зямлі абяцанай», у такім выпадку – бяссільныя. Толькі сама тутэйшая паства можа разабрацца са сваімі беззаконнікамі. Але дзе ўзяць смеласці? Бог Шэнген ніколі не вучыў людзей быць смелымі. Пакора, рабска замілаванае глядзенне ў тапачкі, пацёкшая сліна з рота і лагодная ўсмешка пры падачы анкеты (толькі б узялі!), беганіна з акенца ў акенца, імкненне перагрызці глотку слабейшаму – вось чаму навучае бог Шэнген сваіх прыхільнікаў. І дзе ж тут узяцца смельчакам, якім трэба было б даўно разабрацца са спекулянтамі? Вось і ідуць да іх на паклон бедныя мае суайчыннікі, і нясуць ахвяру – ад 30 да 100 еўра – абы толькі атрымаць месца ў чарзе, рэгістрацыю сваёй анкеты. І таму радыя. Абы толькі дасягнуць запаветнага, сакральнага... І служыцелі культа – паслы, консулы, супрацоўнікі амбасадаў, адчуваючы нутром такую пабожнасць і пакору ў тутэйшых людзях, хочаш-не хочаш ды вытруць ногі аб такога. Сам жа падставіўся...

Куды імчыш ты, Русь-тройка? – сказаў бы я сёння сваім шэнгена-прагным землякам, як некалі Мікалай Васілевіч Гогаль сваім суайчыннікам, ці то рускім, ці то украінцам. А яны – замест таго, каб пранікнуцца і змяніць прыярытэты – вазьмі ды завядзі бясконцую і недарэчную спрэчку наконт таго, каго ж гэта меў на ўвазе Мікалай Васілевіч: мала- ці вялікаросаў? Вось так і кадзяць на прасторах Святой Русі ідалам. І дарма што князь Уладзімір паскідаў паганых бажкоў з гары кіеўскай ў шырокі Дняпро. Як бачым, ім няцяжка было пераплыць крыху на поўнач, усплыць каля нёманска-свіслацкіх берагоў і аднавіць страчаныя пазіцыі сярод тутэйшых людзей: і старых, і малых. І не бяда, што яны тут ліцвінамі надумалі звацца апошнім часам. Натура ж ад гэтага не змяняецца. Шэнгене наш, іжэ рулі на Русі, дай візу нам!

https://www.traditionrolex.com/8