https://www.traditionrolex.com/8
<p>Прэзідэнт Нацыянальнай прафесійнай асацыяцыі гаспадароў сядзіб у ЗША (РАІІ) Джэй Кэрэн наведаў Беларусь, каб убачыць, як тут развіваецца агратурызм, і даць парады бізнесменам наконт маркетынгу і развіцця.</p>
<p>РАІІ аб’ядноўвае каля дзвюх тысяч гаспадарак тыпу Bed&Breakfast у ЗША. За час працы Джэя Кэрэна асацыяцыя стала самай моцнай арганізацыяй у сваёй вобласці ў свеце. Яна мае ўнікальную сістэму прафесійнай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі гаспадароў B&B, праграму практычных стажыровак на сядзібах, найбольш прасунутую маркетынгавую сістэму, заснаваную на сучасных інфармацыйных тэхналогіях. Сёлета РАІІ падпісала пагадненне з БГА «Адпачынак у вёсцы», таму такія каардынацыйныя сустрэчы будуць рэгулярнымі.</p>
<p>Канцэпцыя Bed&Breakfast простая – зняць пакой у сядзібе і мець бясплатны сняданак. Па ацэнках спецыялістаў, толькі 14% амерыканцаў спыняецца на адпачынак у B&B. Бізнесмены падчас канферэнцый і дзелавых паездак аддаюць перавагу атэлям: зняць нумар там танней, чым у сядзібе.</p>

Адар’я ГУШТЫН

Прэзідэнт Нацыянальнай прафесійнай асацыяцыі гаспадароў сядзіб у ЗША (РАІІ) Джэй Кэрэн наведаў Беларусь, каб убачыць, як тут развіваецца агратурызм, і даць парады бізнесменам наконт маркетынгу і развіцця.

РАІІ аб’ядноўвае каля дзвюх тысяч гаспадарак тыпу Bed&Breakfast у ЗША. За час працы Джэя Кэрэна асацыяцыя стала самай моцнай арганізацыяй у сваёй вобласці ў свеце. Яна мае ўнікальную сістэму прафесійнай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі гаспадароў B&B, праграму практычных стажыровак на сядзібах, найбольш прасунутую маркетынгавую сістэму, заснаваную на сучасных інфармацыйных тэхналогіях. Сёлета РАІІ падпісала пагадненне з БГА «Адпачынак у вёсцы», таму такія каардынацыйныя сустрэчы будуць рэгулярнымі.

Канцэпцыя Bed&Breakfast простая – зняць пакой у сядзібе і мець бясплатны сняданак. Па ацэнках спецыялістаў, толькі 14% амерыканцаў спыняецца на адпачынак у B&B. Бізнесмены падчас канферэнцый і дзелавых паездак аддаюць перавагу атэлям: зняць нумар там танней, чым у сядзібе. Як асацыяцыя вырашае гэту праблему? Па словах Джэя Кэрэна, яны актыўна працуюць над рэкламай і паляпшэннем умоў пражывання ў сядзібах. Удзельнікам сустрэчы прадэманстравалі ролікі, у якіх параўноўваецца адпачынак у атэлі – калі вы маеце вельмі сціплы сняданак, і адпачынак у сядзібе – гасцінныя гаспадары і сняданак з выбарам некалькіх страў, прыгатаваных адмыслова для вас. Спрацоўвае таксама іміджавы складнік – забяспечаны турыст не хоча спыняцца ў атэлі, яму патрэбныя індывідуальны і спакойны адпачынак, пры гэтым якая б глуш гэта ні была, умовы мусяць быць максімальна камфортнымі.

Як правіла, сядзібы ў Амерыцы – гэта дамы, старэйшыя за 100 год. І мясцовым уладам да спадобы, што яны выкарыстоўваюцца менавіта так, да таго ж бізнесмены прыносяць прыбытак у бюджэт. У сядзібе, дзе спыняюцца турысты, жывуць і самі гаспадары. Як правіла, яны працуюць у якасці кансьержаў, але таксама могуць быць гідамі па мясцовых наваколлях.

Чаму амерыканцы займаюцца гэтым бізнесам? Ёсць два асноўныя тлумачэнні. Першы – гэта разлік на тое, што сёння яны купляюць дом за 500 тысяч долараў, а праз 10 год плануюць прадаць яго ўжо за 1 млн. Такім чынам, яны могуць забяспечыць сваю старасць. Другое тлумачэнне – гэта адданасць справе: гасціннасць і жаданне працаваць у сферы турызма і паслуг. Без гэтых якасцей, па словах эксперта, быць паспяховым бізнесменам у гэтай сферы складана. Як правіла, бізнес вядуць сямейныя пары, з узростам больш за 50 год. Яны завяршылi асноўную кар’еру і пераключыліся на новую дзейнасць. Што праўда, далёка не ўсе гаспадары займаюцца выключна турбізнесам. Калі гэта не дае належнага прыбытку, яны вымушаны дадаткова працаваць у іншай сферы. Маладыя людзі ў гэтым сектары працуюць рэдка, бо каб займацца сядзібай, патрэбны добры стартавы капітал.

Цікава, што толькі 40% пакояў у сядзібах здаюцца круглы год. Для параўнання: у амерыканскіх атэлях сітуацыя выглядае лепш – 65%.

І хоць пражыванне ў сядзібе прад­угледжвае супакаенне, адпачынак сам-насам з прыродай, гаспадары ўвесь час абнаўляюць свае дамы, дадаюць камфорту. У ЗША лічыцца, што інтэрнет гэтаксама важны, як і электрычнасць, таму ў 91% B&B ёсць доступ да глабальнай сеткі. Паколькі наз­ва Bed&Breakfast (ложак і сняданак) кажа сама за сябе, гэтым двум пунктам надзяляецца асаблівая ўвага. У 77% B&B – прасторныя і звышкамфортныя ложкі, а таксама вельмі прыгожая, часта дызайнерская, бялізна.

Інтэр’еры, выкананыя ў стылі даўніны, па меркаванні эксперта, цікавыя сталым парам, якія любяць вандраваць і вельмі часта маюць на гэта шмат грошай. А вось для моладзі падыходзіць больш сучаснае аздабленне пакояў, мінімалізм і функцыянальнасць кожнай рэчы. Гаспадары амерыканскіх сядзіб гэта ведаюць, таму загадзя вывучаюць сваю мэтавую аўдыторыю і падладжваюцца пад яе.

Гаспадары сядзіб адчуваюць падтрымку ўраду, але падаткі пры гэтым высокія. Джэй Кэрэн жартуе, што «ў капіталістычных краінах падаткі такія самыя, як у сацыялістычных». Так, з кожнага пастаяльца гаспадар сядзібы плаціць 5% штату, 5% рэгіёну і 5% гораду. У канцы года кожны бізнесмен пералічвае падатак на гадавы прыбытак – 15% федэральнаму бюджэту і яшчэ 5% – бюджэту штата. Пры гэтым доля падатку мэтава ідзе на развіццё турызма ў рэгіёне. Што датычыцца коштаў на размяшчэнне, то кожны гаспадар усталёўвае іх самастойна. У Штатах вельмі моцнае антыманапольнае заканадаўства, таму згаворвацца і ўсталёўваць фіксаваны кошт бізнесмены не маюць права. Дарэчы, адзінага нацыянальнага стандарту ў ЗША наконт B&B не існуе. Зрэшты, як і кантролю. Усё рэгулюецца заканадаўствам штата. Джэй Кэрэн заўважыў, што чым больш у рэгіёне сядзіб, тым большымі будуць патрабаванні ўлад па пажарнай бяспецы, прыгатаванні ежы і г.д.

Але эксперт распавёў не толькі пра досвед вядзення бізнесу ў ЗША, ён таксама ацаніў патэнцыял беларускага агратурызму. Па ягоных словах, ёсць вялікія перспектывы, аднак калі гаспадары аграсядзіб хочуць бачыць у сябе замежных турыстаў, трэба актыўна працаваць над раскруткай свайго прадукту, рэкламаваць яго на замежных парталах, ствараць якасны сайт аграсядзібы. Ён кажа, што адпачынак у Беларусі ўспрымаецца замежнікамі, як танны. Аднак па прыездзе ў нашу краіну гэта не зусім апраўдваецца. Напрыклад, авіяпералёт самога Джэя каштаваў 1700 долараў. Існуюць праблемы і з візай – два тыдні дакументы амерыканскага эксперта трымалі ў беларускім пасольстве ў ЗША, не кажучы ўжо пра высокі кошт самой візы – 150 долараў. Калі параўнаць кошт пражывання на папулярных замежных турыстычных парталах, выявіцца, што зняць кватэру ў Чыкага танней, чым у Мінску. «Вам трэба прыцягваць турыстаў з Еўропы. Калі яны ацэняць турыстычны патэнцыял Беларусі, то распавядуць пра гэта онлайн, і Амерыка ўжо сама падцягнецца. Гэтаксама ў свой час развівалася Харватыя. Спачатку там адпачывалі толькі еўрапейцы, зараз гэта таксама любімы курорт для многіх амерыканцаў, – адзначыў эксперт. – Але палітычная сітуацыя ў Беларусі таксама мусіць палепшыцца, без гэтага немагчыма чакаць прытоку замежных турыстаў».

 

https://www.traditionrolex.com/8