https://www.traditionrolex.com/8
<p>Пра турыстычны патэнцыял Глыбокага Віцебскай вобласці спрачацца, бадай, не выпадае. У невялікім па еўрапейскіх маштабах мястэчку знаходзяцца знакавыя архітэктурныя помнікі – сабор Раства Прасвятой Багародзіцы і касцёл Святой Троiцы, тут засталося даволі шмат старадаўніх будынкаў канца XIX – пачатку XX стагоддзяў, а па вузкіх глыбоцкіх вулках у свой час шпацыравалі мясцовыя ўраджэнцы Вацлаў Ластоўскі, Язэп Драздовіч, Ігнацій Буйніцкі ды Павел Сухi… І як не згадаць таго факту, што на гарадскіх могілках, акрамя калоны, усталяванай у гонар абвяшчэння польскай канстытуцыі 1791 года, кожны ахвотны без асаблівых намаганняў адшукае магілу барона… Мюнхгаўзена!</p>

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, фота Сяргея Плыткевiча

Пра турыстычны патэнцыял Глыбокага Віцебскай вобласці спрачацца, бадай, не выпадае. У невялікім па еўрапейскіх маштабах мястэчку знаходзяцца знакавыя архітэктурныя помнікі – сабор Раства Прасвятой Багародзіцы і касцёл Святой Троiцы, тут засталося даволі шмат старадаўніх будынкаў канца XIX – пачатку XX стагоддзяў, а па вузкіх глыбоцкіх вулках у свой час шпацыравалі мясцовыя ўраджэнцы Вацлаў Ластоўскі, Язэп Драздовіч, Ігнацій Буйніцкі ды Павел Сухi… І як не згадаць таго факту, што на гарадскіх могілках, акрамя калоны, усталяванай у гонар абвяшчэння польскай канстытуцыі 1791 года, кожны ахвотны без асаблівых намаганняў адшукае магілу барона… Мюнхгаўзена!

Сабор Раства Прасвятой Багародзіцы XVII стагоддзя

Ды і на тэрыторыі раёна таксама можна знайсці шмат цікавых і адметных турыстычных мясцін. Гэта і шматлікія азёры, сярод якіх вы­дзяляецца два: Шо, дзе, магчыма, і знаходзіцца цэнтр Еўропы, а таксама самае глыбокае ў Беларусі – Доўгае. Гэта і прыгожы Мосар, нама­ганнямі спачылага ксяндза Булькі пераўтвораны ў месца для паломнікаў з усёй краіны, культурны гісторыка-турыстычны цэнтр у вёсцы Івесь і шмат чаго яшчэ. Да таго ж, з 2005 года ў Глыбоцкім раёне з нязменным поспехам ладзіцца Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат»…

Госці з Беларусі і замежжа едуць і будуць прыязджаць сюды. Таму цалкам зразумелы намер мясцовых улад развіваць турыстычную сферу Глыбоччыны. Бо кожнаму ясна, што праз належнае выкарыстанне, так бы мовіць, «геапалітычнага» становішча рэгіёна, праз «раскрутку» мясцовых брэндаў і ўнясенне Глыбоччыны ў турыстычныя маршруты краіны выйграюць не толькі жыхары раёна, але і ўсёй Беларусі. Але ці атрымаецца стварыць пазнавальныя мясцовыя брэнды і ўдала іх выкарыстаць – пытанне пакуль з досыць няпэўным адказам. Бо прывабіць сюды беларускага ці замежнага турыста, як гэтага жадаюць мясцовыя ўлады, пакуль што не надта атрымліваецца. Хаця праца па паляпшэнні турыстычнага іміджу райцэнтра вядзецца не першы год. Напрыклад, летась у Гродне, на сумеснай калегіі Міністэрства культуры ды Міністэрства спорту і турызму краіны, быў прэзентаваны праект турыстычнага квартала ў гістарычным цэнтры Глыбокага. Праект прадстаўляла спецыялістам абодвух ведамстваў намеснік старшыні па сацыяльных пытаннях Глыбоцкага райвыканкама Галіна Унуковіч.

– Мой даклад атрымаў станоўчую ацэнку ўсіх прысутных, і ім настолькі зацікавіліся, што наступная калегія Мінспорту праз некаторы час адбылася ўжо ў нашым рэгіёне, – распавяла Галіна Унуковіч. – Мэта была адна: пазнаёміцца з турыстычным патэнцыялам раёна і ў прыватнасці – з інфраструктурай Глыбокага. Міністр спорту і турызму Алег Качан таксама даў станоўчую ацэнку нашаму праекту, бо мы дэманстравалі не адзінкавыя аб’екты, а вялі гаворку пра цэлы комплекс турпаслуг, якія ў будучым зможам аказваць шматлікім турыстам, што завітаюць у горад.  

У рамках названага праекта ў Глыбокім плануюць рэканструяваць цэнтральную гарадскую пло­шчу. Вакол яе знаходзяцца старадаўнія дамы, якім хочуць дадаць пэўнай гістарычнай стылізацыі ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў, а пасля размясціць у іх сувенірныя лаўкі і рэтракафэ. Зной­дзецца месца ў гэтых будынках і для невялікіх музеяў, і для буйной выставачнай залы, якой так нестае гораду.

Таксама, паводле праекта турыстычнага квартала, плануецца пашырыць і паглыбіць прато­кі, якія злучаюць паміж сабой тры гарадскія возеры, а таксама добраўпарадкаваць іхнія берагі. Калі ўсё гэта будзе зроблена, дык атрымаецца працяглы водны маршрут, які, на думку распрацоўшчыкаў, прывабіць кожнага аматара плавання на байдарках, катамаранах ці лодках.

Задумкі, безумоўна, неблагія. Але казаць пра тое, што ўжо ў хуткім часе ў гістарычным цэнтры Глыбокага з’явіцца адметны турыстычны квартал, пакуль што зарана. Справа тут, як і заўсёды, у адсутнасці дастатковых фінансавых сродкаў. Таму пра будучыню праекта Галіна Унуковіч гаворыць сёння досыць асцярожна.

– Натуральна, мы хочам, каб нашы планы рэалізаваліся як мага хутчэй, – кажа яна. – Але тут галоўнае пытанне – фінансавае. Аднак мы не адмаўляемся ад праекта і цяпер пачынаем працу сваімі сіламі: чысцім пратокі, якія злучаюць гарадскія азёры, добраўпарадкоўваем іхнія берагі, прыбіраем там смецце… Асаблівая ўвага – набярэжнай возе­ра Кагальнае… Сёння там зроблены даволі вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванні, але значны кавалак працы яшчэ наперадзе.

Дарэчы, прывядзенне горада ў належны стан адбываецца так­сама і ў рамках падрых­тоўкі Глы­бокага да правядзення Дня беларускага пісьменства. Як вядома, гэта рэспубліканскае свята адбудзецца ў райцэнтры ў верасні бягучага года. Мерапрыемства, безумоўна, паспрыяе «раскрутцы» Глыбокага і палепшыць яго імідж на турыстычнай карце Беларусі, у першую чаргу за кошт тых сродкаў, якія будуць выдаткаваны з рэспубліканскага бюджэту на правядзенне Дня беларускага пісьменства.

Glubokoe

З гэтай прычыны, магчыма, планы мясцовага кіраўніцтва па пераўтварэнні мястэчка ў сапраўдную турыстычную «пярліну» Віцебшчыны, спраўдзяцца крыху раней. Бо ўжо на сёння вядома, што да святочнага дня ў Глыбокім плануюць ажыццявіць некалькі буйных праектаў.

– Перш-наперш мы хочам абнавіць экспазіцыю мясцовага гісторыка-этнаграфічнага музея, – кажа Галіна Унуковіч. – У планах таксама – адкрыць музейны філіял у будынку былой дзіцячай бібліятэкі, дзе маем намер размясціць галерэю знакамітых людзей Глыбоччыны, а таксама зменныя экспазіцыі, якія можна было б прывозіць з усёй Віцебшчыны ды іншых куткоў Беларусі. Яшчэ адна наша задача – рамонт гарадскога Дома культуры. Танцавальную залу – прыбудову да ГДК – мы адкрылі яшчэ напрыканцы мінулага года, а сёлета возьмемся за рамонт галоўнай установы культуры горада і раёна… 

Цалкам лагічным працягам гэтай плённай дзейнасці мог бы таксама стаць і праект будоўлi ў Глыбокім новай гасцініцы, бо тая, што ёсць, пакідае жадаць лепшага ўжо колькі гадоў… Але… Па словах Галіны Унуковіч, хоць на сёння праект пабудовы ў горадзе новай гасцініцы ўжо распрацаваны, яго фінансаванне пакуль што знаходзіцца пад пытаннем. І ці будзе гэта пытанне вырашана станоўча – пакажа час. Але, як дадала намеснік старшыні па сацыяльных пытаннях Глыбоцкага райвыканкама, у райцэнтры на сённяшні дзень функцыянуе некалькі прыватных гасцініц, так што задаволіць попыт турыстаў на камфортнае пражыванне ў горадзе можна без асаблівых цяжкасцей.

Трэба прызнаць, што не толькі ў Глыбокім, але і на тэрыторыі раёна ёсць шмат месцаў, дзе можна рассяліць прыезджых турыстаў. Гэта і паляўнічыя домікі, базы адпачынку, і аграэкасядзібы, дзе заўсёды рады прадаставіць месцы для камфортнага начлегу. Гасцей чакаюць і ў Івесі, у мясцовым культурным гістарычна-турыстычным цэнтры. Дарэчы, у гэтым невялікім паселішчы раёна пастаянна бываюць турысты не толькі з Беларусі, але і з іншых краін Еўропы. На сёння ў Івесі створана ўся неабходная турыстычная інфраструктура. Гэта будынак культурна-гістарычна-турыстычнага цэнтра, дзе з лёгкасцю размесцяцца 25 чалавек, гэта цікавыя пешыя і конныя маршруты ўздоўж возера, на беразе якога можна парыбачыць ці проста адпачыць. Да таго ж у цэнтры можна замовіць выступленне артыстаў народнага ансамбля, якія пакажуць арыгінальную забаўляльную праграму, складзеную з вакальных і танцавальных нумароў. А яшчэ ў Івесі кожны ахвотны можа прыдбаць самую разнастайную  сувенірную прадукцыю.

– З цягам часу плануем зрабіць у гэтых мясцінах цэлы турыстычны комплекс, – падзялілася Галіна Унуковіч. – Летась у Івесі была закрыта школа, цяпер на яе базе мы робім дзіцячы аздараўленчы лагер. У мінулым годзе пад гэтыя мэты было выдаткавана прыкладна 17 мільёнаў з раённага бюджэту.  Сума, вядома, не вельмі значная, але ж варта толькі пачаць. Мажліва, з цягам часу там з’явіцца база адпачынку для ўсіх наведвальнікаў гэтага прыгожага мястэчка Глыбоцкага раёна. Таксама ў нас ёсць задумкі пабудаваць у тых мясцінах лазню, прыдбаць і завезці туды веласіпеды, лыжы, канькі, санкі, каб можна было б задзейнічаць гэты аб’ект не толькі ў летні, але і ў зімовы час. Так што, як бачыце, перспектывы для развіцця турызму, на маю думку, на Глыбоччыне неблагія.

Усе гэтыя планы кіраўніцтва мясцовага райвыканкама можна, натуральна, толькі вітаць. Галоўнае, каб названыя праекты паступова станавіліся рэальнасцю, а не працягвалі «жыць» толькі на паперы для чарговай згадкі пра іх турыстычную «значнасць» і «перспектыўнасць» пад час шматлікіх раённых, абласных ці рэспубліканскіх мерапрыемстваў.

https://www.traditionrolex.com/8