Раман АБРАМЧУК, фота Валянціна Кароткіна
Ці заўважаў ты, дарагі чытач, што ў святочныя калядныя дні – няхай гэта 25 снежня або 1 ці 7 студзеня – заўжды сняжок і цішыня? Ну, безумоўна, з невялікімі выключэннямі, але не пра іх гаворка. Як думаеш ты, мой дарагі чытач: адкуль гэта ўсё? Я скажу табе, не буду хаваць тайны: гэта серафімы сыплюць сняжок, а херувімы ўтрымліваюць вецер і аблокі. Ну, а Міхаіл з Гаўрыілам (архангелы), вядома ж, дбаюць пра зорку. І ўсё для чаго? А? Ну, вядома, каб калядоўшчыкам добра ішлося па вулічках, каб вясёла спявалася на падворку ды каб за сталом потым не ўпілося–не пераелася! Вось і я спадобіўся патрапіць у гурт калядоўны.
Адразу абмоўлюся, што гурт наш – са стажам, калядуем не першы год і не другі. Пераважна наш калядны дэсант высаджваўся ў Крэве (тым самым, дзе да канца свету будуць грозна ўзвышацца над сялом руіны Альгердавага замка). Але былі і іншыя, экзатычныя выключэнні: катэджны пасёлак Валяр’янава, палаты мінскіх бальніц, дамкі Заслаўя, паўзмрочныя пад’езды мінскага Сухарава. Што ні паход – то гісторыя. Усіх і не прыгадаеш.
У Валяр’янаве (катэджным пасёлку пад Мінскам) – пад пахавальны марш выносілі так і неўваскрэслую казу з хаты (дакладней, з крамы), бо гаспадары так і не схацелі ахвяраваць калядоўшчыкам «на новае лета», «на новае жыта». У мінскіх бальніцах, у якіх планавалася болей раздаваць сімвалічныя падарункі, чым браць каляду, – былі адораныя грашыма, мандарынамі і цукеркамі. І нават у самых цяжкіх аддзяленнях былі прынятыя на «ўра», калі так можна сказаць пра людзей, якiм, па прагнозу ўрачоў, засталіся апошнія месяцы жыцця. І што мне казаць пра Крэва, вулачкі якога ходжаны-пераходжаны калядоўшчыкамі? Святая зямля, адно слова. Ну, ды не пра гэта тут гаворка. А пра казу.
Вось караценькая даведка аб Калядах. Каза – яна ж Каляда – язычніцкае божышча, міфічная жонка Перуна, якая павінна нарадзіць маладога бога, новае сонца. Але аб тым ведае Зюзя – іншы персанаж беларускай міфалогіі, бог холаду і маразоў. Ён, гэты лысы дзед з барадой (менавіта так яго ўяўлялі беларусы), не хоча аддаваць уладу сонцу і цяплу. І таму, седзячы ў дрымучым лесе (і не абавязкова пад Паставамі), Зюзя пасылае за козачкай-Калядой у пагоню сваіх верных ваўкоў, лютую сцюжу, завіруху, ледзяныя вятры. Беднай козачцы нічога не застаецца, як схавацца пад вярбой і… спарадзіць сонца! Ваўкі могуць адпачываць, кульгаць назад да Зюзі – місія правалена. Сусветная вось пачынае круціцца ў іншы бок; прырода прадчувае хуткае пазбаўленне ад холаду і змроку; людцы на зямлі – у Крэве, Сухараве і Валяр’янаве – святкуюць сапраўдны Дзень перамогі…
І таму кожны, да каго завіталі калядоўшчыкі, мусіць ведаць, што яны – гэта «група падтрымкі» казы. Гэтую казу (сімвалічную, у масцы) яны з сабой і водзяць. І калі каза пачынае ў шалёным танцы кружляць па хаце – не палохайся, мой дарагі чытач. Яна зараз здохне, упадзе на дол. Шкада жывёлу? Шкада. А шкада Новы год, які можа не наступіць? Сонца, якое можа не нарадзіцца? Цяпло са святлом, якое не ўвойдзе ў хату без казы? І Газпром тут нічога не паробіць… Ну дык вось ён, момант «ікс»: над нежывым целам беднай жывёлы калядоўшчыкі пачынаюць жалобна галасіць, плакаць і стагнаць. Але затым пераходзяць да больш канкрэтных дзеянняў: «Каб каза ўстала – трэба казе сала!!!», – раве калядоўны гурт. «А на ражок – піражок!! А на копчык – пончык!!», – дадаюць з задніх шэрагаў. «І вінца – з леганца!!!», – нахабнічаюць ужо выключна мужчынскія галасы. Гаспадар у гэты момант мусіць уваскрасіць казу, даўшы ёй ахвяру.
Гаспадары хочуць адкупіцца цукерачкай? Пускаем цяжкую артылерыю: «Давай, дзядзька, каўбасу, а то хату разнясу!!»
І вось так, ад хаты да хаты, ходзіць-бродзіць гурт калядоўны, разносіць «вясёлу навіну» па сем’ях.
І калі мех цяжэе ад бутэлек, кавалкаў сала і выпечкі, то настрой расце прама прапарцыянальна шчырым усмешкам гаспадароў, смелым жартам калядоўшчыкаў, радасным вачам дзяцей, ну і, безумоўна, выпітым чаркам…
Ну і пасля, вядома ж, баль. Калядны стол. Моладзь (ды не толькі) рассаджваецца па лавах за накрытым сталом. Прамаўляюцца першыя, яшчэ разумныя тосты, а затым – … (не забывайцеся на культуру ўжытку).
Вось і гэтым разам гурт наш быў накіраваны ў вёску Гарадок Маладзечанскага раёна. Напачатку звычайна трэба захапіць адну з хат і ператварыць яе ў базу. Вельмі пажадана, каб ў гэтай хаце вас ужо ведалі і чакалі загадзя. Генеральныя спеўкі, рэпетыцыя сцэнкі з казой (дадатковы варыянт – мядзведзем), пераапрананне, лёгкі перакус (выпраўляемся на некалькі гадзін) – і ўперад!
Вёска Гарадок здзівіла нават такіх жыццём пабітых калядоўшчыкаў, як мы. Ужо ў першай хаце – запрасілі да стала, частавалі-налівалі, адпускаць не жадалі. Як высветлілася – нейкі мясцовы чыноўнік. У працэсе стаў дапытвацца, ад якой мы такой арганізацыі (ну што яму было адказаць, акрамя як дружным хорам: «з-пад самага раю!!!»), запрашаў на Пасху, Купалле і яшчэ і яшчэ… Амаль пагадзіліся, абяцалі толькі ўзгадніць з Вышэйшай Адміністрацыяй.
І затым, што ні хата – то адчыненыя дзверы, запрашэнні да стала, пачастункі. Больш за тое, многія з гаспадароў выдатна ведалі пра абрад калядавання (у адрозненне ад многіх іншых вышэй пералічаных месцаў), а адзін з іх нават прызнаўся, што сам па маладосці з сябрамі і гармонікам бударажыў сяло святымі каляднымі вечарамі.
А вось гаспадары гасяць святло, пачуўшы нашае «добры вечар, шчодры вечар» на падворку: маўляў, не да вас. А вось даюць каляду з такім пыхлівым выглядам, што нават цяжка ўзяць. А вось старыя людзі ў хаце з пажоўклымі шпалерамі адорваюць адным-адзіным піражком і цалуюць кожнага з калядоўшчыкаў, пасля чаго разумееш, што гэта была самая дарагая каляда, як тыя дзве лепты беднай удавы з Евангелля.
А тут вясёлая мужчынская кампанійка нападпітку пачынае смешна танцаваць на падворку, які запоўнены пахамі ад шашлыку ў мангалах. Зразумела, адзін шампур перакачоўвае ў наш мех, а з ім – і бутэлечка пладова-ягаднага (чым багаты – тым і рады!). Ну вось, яшчэ некалькі апошніх хат на гэтай вуліцы, і вёска наша. Партыя, панове! П’янае ад весялосці вяртанне на хату-базу, здыманне масак, сервіроўка стала калядой, займанне пачэсных месцаў, падзяка гаспадарам, што прынялі і…
Дарагі чытач, у гэтыя дні, якія сама прырода вызначыла як няплённыя, не варта сур’ёзна працаваць. Расслабся, выйдзі на ганак, памерзні, сагрэйся (чым ёсць), зрабі так з дзясятак разоў, потым з сябрамі. Ёсць яшчэ снег (ну, колькі Бог даў), ёсць яшчэ светлае царкоўнае Навячэр’е, ёсць яшчэ ялінкі і бенгальскія агні… Ты хочаш спытаць, як спалучыць царкоўную службу, чарку і язычніцкую маску? Гэта пытанні не да нас, шаноўны мой, а да Таго, Хто насіўся над першасусветам, як Дух, а адносна нядаўна (2011 год таму) узяў ды нарадзіўся ад маладзенькай Марыі проста ў хлеве, каля козачак, ослікаў і авечак (ну, не хапіла месца ў віфлеемскім гатэлі).
У гэтыя дні, калі зорка гарыць-разгараецца на небе, можна літаральна ўсё, усё, што не будзе перашкаджаць яе ззянню. Астатняе – няхай коціцца ў цёмны лес разам з Зюзяй, крызісам-шмізісам, таннай рэкламай і іншай пустатой. На Каляды гэта ўсё не мае сілы. На Каляды часова наступае Будучы век. І таму мы хоць на імгненне, але заўважаем, як побач з намі актыўнічаюць анёлы, херувімы і серафімы. І таму зорка на небе, і бенгальскі агеньчык, і калядоўшчыцкая зорка з пап’е-машэ, – усё ззяе адным святлом будучага Дня.