«Да кожнай песні ёсць свая ілюстрацыя, і да дыска прыкладзеныя даволі вялікія налепкі з імі, — распавядае вакалістка гурта Валерыя Валадзько. — Адмыслова пад песню малявалі Міця Післяк, Аксана Лакоза ды Мілаш Яўгенавіч. З астатнімі проста супала, прычым, крута супала… Напрыклад, Руслан Вашкевіч прыслаў мне карціну, якая… ну дакладная «Finka». Штосьці неверагоднае! Не ведаю, як так супала!»
«Gvalt» - сінтэтычны праект, што аб'ядноўвае ў сябе музычны і візуальны складнікі. Здольныя існаваць самі па сабе, музыка і выяўленчае мастацтва, у дадзеным праекце дапаўняюць і інтэрпрэтуюць адзін аднаго. Кожная праца падмацоўвае і падштурхоўвае да новага прачытання музычных кампазіцый. Тут гаворка ідзе пра судотык, непарыўную сувязь відаў мастацтваў, іх узаемапранікненне і ўплыў адзін на аднаго. Выставачны праект Беларускага саюза дызайнераў прэзентуе прачытанне музыкі сродкамі візуальнага мастацтва.
Мастацтва інтэрпрэтацыі ўзнікла не выпадкова і не сёння. Гэты працэс, уласцівы чалавечай свядомасці, пранізвае ўсё наша жыццё і праяўляецца ў разнастайнасці творчых метадаў і падыходаў. Праект «Gvalt» - гэта эксперымент, адмова ад звыклых і малацікавых прыёмаў афарміцельства, дзе перавага аддадзена паўнавартаснаму творчаму ўзаемадзеянню.
Выстава з'яўляецца лагічным працягам канцэртнай прэзентацыі альбома, якая з поспехам прайшла 24 студзеня 2015 года. На ёй будуць прадстаўлены арыгіналы прац, што ілюструюць музычнае выданне. Свае працы прэзентуюць вядомыя мастакі Руслан Вашкевіч, Жанна Капустнікава, Міхаіл Гулін, Міця Післяк, Мілаш Яўгенавіч, Ларыса Бауге, Аксана Лакоза і Валянцін Благодаў.
Запрашаем Вас убачыць і пачуць музыку – 6 сакавіка 2015 года ў 19.00 у галерэі Беларускага саюза дызайнераў (вул. Брылеўская, 14, уваход з двара - дзверы з таблічкай "Беларускі саюз дызайнераў"). На адкрыцці і падчас працы выставы ў галерэі можна будзе набыць дыскі і атрыбутыку гурта “Гаротніца”. А таксама вас чакаюць:
- акустычны выступ ад гурта «Harotnica»,
- прэзентацыя кліпа,
- эксперыментальны тэатр «Тэарт»,
- дамашняя грузінская кухня,
- глінтвейн.