Два дні. Шэсць замкаў. Больш тысячы кіламетраў. У экспедыцыю па Гродзеншчыне мы выправіліся ўтрох. Фатограф Алег Белавусаў шукаў цікавыя ракурсы замкаў для персанальнай выставы «Радавод», лідэр гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі быў за кіроўцу і штурмана, адначасова як прадстаўнік турбізнесу прыглядаючыся да турыстычных аб’ектаў, і, нарэшце, аўтар рэпартажу фіксавала, у якім стане гэтыя аб’екты знаходзяцца ў чаканні турыстаў. Гэта былі два дні, поўныя назіранняў за жыццём гарадоў, мястэчак і дзесяткаў вёсак, размешчаных у заходняй частцы нашай краіны.
Дзень першы. Мір: успаміны і сучаснасць
Выпраўляцца ў экспедыцыю ў першы дзень вясны і прывабна, і рызыкоўна. Прывабна таму, што гэтая пара года асацыюецца з пачаткам турыстычнага сезона, і загартаванага падарожніка так і цягне ў вандроўку. А рызыкоўна – па прычынах выключна метэаралагічных. Цягам усяго падарожжа снег, дождж, пранізлівы вецер і рэдкія пробліскі сонца змянялі адно аднаго з выключнай непрадказальнасцю.
На світанні пакінуўшы Мінск, мы рушылі ў накірунку Міра. Малыя мястэчкі маюць цікавую адметнасць: калі перыядычна наведваеш іх, складваецца ўражанне, што там нічога не адбываецца. З Мірам не так. У маю дзіцячую свядомасць мястэчка ўвайшло як казачнае месца, дзе стаяў не менш казачны замак. Мы штогод наведвалі Мір, едучы да бабулі. Пільна ўзіраючыся ў вокны бацькавай машыны, малыя, мы забаўлялі сябе тым, хто першы ўбачыць шпілі замка. І кожны год захоўвалася інтрыга – наколькі пасунулася наперад яго рэстаўрацыя. Яна ішла марудна, што дазволіла нам вывучыць на памяць экспанаты малога музея, размешчанага ў адзінай адкрытай для наведвальнікаў вежы замка. Кардынальным чынам жыццё мястэчка змянілася ў 2000 годзе, калі былыя ўладанні князёў Святаполк-Мірскіх увайшлі ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Фасады дамоў паабапал дарогі і на рынкавай плошчы, дзе жыццё асабліва віруе ў дні кірмашу, пафарбавалі свежай фарбай, павесілі новыя шыльды. У мястэчку паклалі асфальт і паставілі ліхтары ўздоўж дарогі. Месца перад замкам пачалі выкарыстоўваць як канцэртную пляцоўку, і, парушаючы спакой местачкоўцаў, над Мірам загучала музыка.
Інтрыга захавалася і гэтым разам: хацелася праверыць чуткі, паводле якіх спіс ЮНЕСКА павінен вось-вось скараціцца на адзін беларускі замак. Яго «гламурнае» аблічча ў водгуках аб падарожжы ў Мір адзначае безліч турыстаў: ружовыя сцены, выкладзеныя пліткай сцежкі, узведзены з новай цэглы плот. «Выкарыстаўшы ружовы колер, рэстаўратары знішчылі шматвяковую бела-чырвоную гаму Мірскага замка», – каментуе ўбачанае Зміцер. Адрамантаваны замак зараз выглядае маладзейшым за касцёл Святога Мікалая ў цэнтры мястэчка, які па часе быў збудаваны трошкі пазней і стаяў недагледжаны з-за адсутнасці грошай. Цяпер службы ў гістарычнай каштоўнасці канца XVI ст. аднавіліся – іх адпраўляе ксёндз з суседніх Стоўбцаў. А рэканструкцыя касцёла не псуе яго вонкавы выгляд. Аднак з велічнасцю Мірскага замка не паспрачаешся. Асабліва прыгожы выгляд на яго адкрываецца з боку дарогі, што вядзе на Нясвіж: вежы замка ўзвышаюцца над гонкімі соснамі, што растуць уздоўж Замкавага ручая.
Змянілася інфраструктура мястэчка. На рынкавай плошчы паўстаў невялічкі гатэль, побач працуе рэстаранчык з прыемна нізкімі коштамі, а насупраць замка адчынілася кавярня. Гэтай парою наведвальнікаў у ёй няшмат. Пакінуўшы машыну ў суседстве з іржавым жыгулём-капейкай, якому ў цэлым Міры не знайшлося больш месца, чым дагніваць насупраць замка, мы зайшлі выпіць кавы. Адсунуўшы фіранкі на высокіх вокнах, можна было ўбачыць знаёмыя вежы, якія ў шэрай імгле выглядалі велічна і таямніча. «Калі ласка, дзве кавы», – звяртаецца да афіцыянткі Зміцер. Працуючы пад сценамі гістарычнага помніка, дзяўчына, відаць, чула беларускую мову ўпершыню пасля заканчэння школы. У знак пратэсту яна павялічыла гук на шырокім экране чорнага тэлевізара, адкуль, перабіваючы гутарку, панесліся словы «лірычнага» рускага рэпу. І неяк яны зусім не падыходзілі да інтэр’ера кавярні ў стылі country, да зробленых па-беларуску надпісаў прыказак на шкле, да вежаў таямнічага замка, што ўзвышаліся за акном.
Наваградак: руіны ці рэканструкцыя?
Дарогі Гродзеншчыны вабілі мяне з дзяцінства. Колькі радасці выклікалі падарожжы па старых гасцінцах, з двух бакоў абсаджаных высокімі таполямі. І колькі смутку і расчаравання было, калі аднойчы, пад’язджаючы да Карэліч, на месцы таполяў я ўбачыла адныя пянькі. А якія краявіды адкрываюцца з гэтых дарог. Нездарма Ян Булгак, сям’я якога валодала маёнткам недалёка Наваградка, любіў фатаграфаваць гэтыя мясціны: палі, пагоркі, драўляныя цэркаўкі на выспачках сярод дрэў. Пакінуўшы ў баку галоўную трасу, мы набліжаліся да першай сталіцы Вялікага княства Літоўскага. Наваградак патанаў у снежнай смузе, замак хаваўся ў густым тумане. Ад замка, дзе ў ХІІІ ст. адбывалася каранацыя князя Міндоўга, сёння засталіся руіны. Дастаўшы дуду на замкавай гары, Зміцер зайграў. Гурт «Стары Ольса» аддае перавагу канцэртам пад сценамі замка. «Як музыка я займаюся рэстаўрацыяй старадаўняй гукавай культуры, – тлумачыць Зміцер. – Але гэта толькі адзін від старабеларускага мастацтва. Заўжды найлепшыя вынікі ў эфекце «падарожжа ў часе» дае спалучэнне розных відаў гістарычнай спадчыны: музыкі, танцаў, строяў, архітэктуры, жывапісу, кнігадрукавання і рыцарскай культуры. Адчуць усё гэта разам дазваляюць фэсты сярэднявечнай культуры менавіта пад сценамі замкаў. Апошні раз такое пачуццё ў мяне было падчас фестывалю «Гальшанскі замак», дзе вельмі адчувалася сувязь са старадаўнасцю.
На замкавай гары Наваградка шмат гадоў нічога не змяняецца, і тады ўзнікае пытанне, чаму адны замкі актыўна рэстаўруюцца, другія – стаяць у руінах. «Для турбізнесу Беларусі лепш пасуюць руіны замкаў, – перакананы Зміцер, які з кастрычніка працуе арт-дырэктарам турыстычнага агенцтва «Гісторыя-тур». – Руіны выглядаюць аўтэнтычна і гістарычна. Так, Наваградскі замак пакідае эмацыйнае ўражанне сталіцы моцнай і магутнай дзяржавы. Адрэстаўраваныя замкі, на жаль, робяць з нашага турбізнесу прадмет для жартаў, кпінаў і непавагі да беларускай спадчыны».
У першы дзень вясны дарожныя службы Наваградка змагаліся са снегам, але да замка пакуль не дайшлі. Таму нашы ногі ўмомант зрабіліся мокрымі. Непрыемнае ўражанне пакінула груда смецця, кінутая пасярод дарогі, што вядзе на замак. Па ўсім відаць, тыя, хто яе тут пакінуў, добра адзначылі канец каляндарнай зімы. Чырванашчокі дворнік упарта не хацеў заўважаць смецця, і кожны раз, праходзячы паўз яго, адводзіў вочы. Напэўна, спадзяваўся, што па абедзе сумленне прымусіць шкоднікаў прыбраць за сабой.
Званы Барысаглебскай царквы прымусілі вярнуцца на плошчу. У невялічкай кавярні, дзе за кілаграм дранікаў прасілі 2800 беларускіх рублёў, сядзела старая. Маючы не менш за восемдзесят гадоў, адначасова бабуля мела бездакорны макіяж і прыгожыя з каменьчыкамі завушніцы. «Да нас бацюшка прыехаў, – гучна вымавіла яна. – Во свята якое. Ён з кожным гаварыць будзе». Старая звярталася ў нікуды, што прымусіла маладзёнаў за суседнім столікам пырснуць са смеху. Мы пакідалі Наваградак. Перад вачыма стаялі несумяшчальныя замак, смецце і бабуля.
Любча: замак аднаўляецца
Сёння Любча – гэта невялічкі пасёлак гарадскога тыпу Гродзенскай вобласці, дзе жыве амаль паўтары тысячы чалавек, працуе некалькі крамаў, школа, дзве бібліятэкі і бальніца. Па дарозе ў Любчанскі замак, ці тое, што ад яго засталося, няма ўказальнікаў. Шпілі вежы відаць, а за гаспадарчымі пабудовамі, што ўтвараюць вуліцы Чырвонаармейскую і Савецкую дарогі не бачна. Памятаючы, як падчас адной з восеньскіх вандровак у Нясвіжскі палац нас атакавалі дзеткі, прапануючы распавесці легенду пра Барбару Радзівіл, вырашылі спытаць дарогу ў дзяўчынкі, што няспешна вярталася са школы. Мястэчка маленькае – дзеці звычайна ведаюць усё. «Як праехаць да замка?» – пытаюся я. «Вам да якога?» – па-беларуску адказвае яна. «Да Любчанскага», – трошкі разгубілася я. «Не ведаю», – абыякава паціснуўшы плячыма, дзяўчынка рушыла далей. Спадзяюся, што прычынай такога адказу была толькі дзіцячая сарамлівасць, і маленькая школьніца ведала, што Любчанскі замак паўстаў у далёкім XVI стагоддзі, і яшчэ даведаецца, што тады ж мястэчку было дадзена магдэбургскае права і ў часы Рэфармацыі Любча стала духоўным цэнтрам пратэстантаў, якія актыўна займаліся мастацкай і літаратурнай дзейнасцю.
У першы дзень вясны замак выглядаў закінутым. Дарогу на замчышча размыла. Перемешваючы коламі снег і зямлю, у захаваную ўязную вежу заехала машына. Кіроўца і яго спадарожніца праз акно аўтамабіля намагаліся ўбачыць рэшткі замка. Не знайшоўшы нічога, за што магло б зачапіцца вока, яны хуценька зніклі ў той жа браме, толькі ў адваротным кірунку. І не дзіўна: каля турыстычнага аб’екта акрамя мясцовых жыхароў, заклапочаных штодзённымі справамі, больш нікога і нічога няма.
Сапраўдны аншлаг тут адбываецца летам. Мясцовы жыхар Іван Пячынскі паклаў пачатак валанцёрскаму руху па аднаўленні Любчанскага замка. Кожныя ліпень і жнівень на замчышчы, адкуль адкрываецца шыкоўны выгляд на Нёман, ладзяцца валанцёрскія летнікі. У вочы кідаецца велізарны кантраст паміж уязной вежай, якую ахоўвае дзяржава, і вежай на куце замка, якая адбудоўваецца, дзякуючы прыватным намаганням.
Дзень другі. Нясвіж: цацачная рэзідэнцыя
Горад, які для сваёй рэзідэнцыі абралі Радзівілы, сустрэў нас моцным ветрам. На алейцы, што вядзе да Нясвіжскага палаца, утварыўся актыўны рух: турыстычныя аўтобусы і машыны з мінскімі нумарамі паркаваліся каля галоўнага ўваходу. Па-першае, пачынаецца турыстычны сезон, па-другое, гісторыі, звязаныя з рэстаўрацыяй палаца, зрабілі яго яшчэ больш папулярным сярод турыстаў. Цяпер у Нясвіж цікава прыязджаць, каб пабачыць, наколькі ў сваёй працы прасунуліся рэстаўратары. Чым хутчэй яны рухаюцца наперад, тым больш палац пачынае нагадваць добра адрамантаваную цацку. Над сценамі замка ўзвышаецца вежа-цыбуліна, якая капіруе стылістыку храма Хрыста Збаўцы ў Маскве і якую пані Эльжбета Радзівіл, прыехаўшы з візітам у Беларусь, прасіла прыбраць, бо цыбулін на замку ніколі не было.
Прапаную прайсці праз браму і паглядзець на палац знутры. Убачыўшы аб’ектыў Алегавай фотакамеры, да нас падышоў ахоўнік. «За съемку нужно платить,» – вырашыў папярэдзіць ён. «А чаму на ўваходзе аб’явы няма?» – здзіўляецца Алег. На гэтае пытанне не змагла адказаць і касірка, затое ветліва прапанавала набыць сувеніры: паштоўкі з відамі Нясвіжа, магніты і значкі, прыгожа ілюстраваныя кнігі. Сярод іншага на вітрыне пад шклом ляжалі альбомы гурта «Стары Ольса». З Нясвіжам у музыкаў звязаныя свае ўспаміны. У 2004 годзе на ўсталяванай сярод дрэў Нясвіжскага парка сцэне ў іх выкананні гучала старадаўняя музыка. «Тады палац выглядаў, як санаторый з белымі фіранкамі на вокнах, – узгадвае Зміцер. – Зараз ён выглядае еўрапейска-расійскай эклектыкай, сярод якой не праглядаецца мясцовых архітэктурных элементаў».
Ліда: пляцоўка для рыцарскіх турніраў
Набліжаючыся да Ліды, мы ўзгадваем, чым сёння славіцца гэты горад Гродзенскай вобласці. Лідскі квас, мука, лідскія фарбы і, безумоўна, Лідскі замак. Адзіная яго вежа ўзвышаецца над гарадской забудовай: крамы, інтэрнат, шматкватэрныя дамы абступілі замак абарончага тыпу з усіх бакоў. Уканцы ХХ ст. адбылася яго кансервацыя, пасля чаго замак паступова пачалі адбудоўваць. Патрапіць унутр абарончых збудаванняў нам не ўдалося: брама была зачыненая. Да яе сціпла прымацавалі аб’яву, якая запрашала ахвочых уступаць у рыцарскі клуб. На Беларусі накірунак рэканструкцыі ваенных строяў даволі хутка распаўсюджваецца. Калі ўлічыць, што Лідскі – гэта адзіны абарончы замак, што захаваўся ў такім стане, не дзіўна, што ён стаў пляцоўкай для правядзення рыцарскіх турніраў.
Наша наведванне Ліды было нядоўгім: дзень набліжаўся да вечара, а нас чакаў яшчэ адзін замак.
Крэва: гісторыя ў руінах
Пакінуўшы Ліду, мы накіроўваемся ў апошні пункт нашага падарожжа – Крэва. Па дарозе праязджаем маленькія вёскі з незвычайнымі назвамі Біюцішкі, Трасечаняты, Грушанцы, Трабы з велічным касцёлам. І так недарэчна выглядаюць там вуліцы Савецкая, Чырвонай Арміі, Пераможцаў, Леніна і Карла Маркса. А маглі б насіць імёны Гедыміна і Вітаўта.
У Крэва мы трапляем з апошнімі промнямі сонца. У вечаровым святле руіны замка выглядаюць надзвычай таямніча. Вонкава Крэўскі замак выглядаў ідэнтычна Лідскаму. Быў збудаваны ў XIV ст. і займаў адну лінію абароны ад крыжакаў. Замак быў сведкам многіх гістарычных падзей, сярод якіх падпісанне Крэўскай уніі, паводле якой Вялікае княства Літоўскае і Польшча павінны былі аб’яднацца пад уладай адзінага манарха Ягайлы.
Выгляд зруйнаванага замка вымушае майго спадарожніка зрабіць сумнае параўнанне: «Бетона, залітага ў падмурак аднаго лядовага палаца, дастаткова для поўнай кансервацыі Крэўскага замка, – кажа Зміцер. – Палацаў і манежаў у нас ужо шмат, а адзіны ў гісторыі беларусаў, літоўцаў і палякаў Крэўскі замак працягвае руйнавацца».
Мы вярталіся ў Мінск. «Цяжка ў нас даводзіцца экскурсаводам, – узгадваючы руіны некалі магутных замкаў, услых разважаю я. – Наколькі добра трэба валодаць словам, каб перадаць тое, што было зруйнавана». Зміцер на гэты конт мае сваю думку. «Ад настроя экскурсавода залежыць фарміраванне агульнай эмацыйнай атмасферы экскурсіі, – разважае ён. – Калі экскурсавод шчыра і з захапленнем апавядае пра велічныя руіны, гэтае захапленне перадаецца ўсім экскурсантам. Наша агенцтва валодае сядзібай Бянюны, якая знаходзіцца ў не лепшым стане. Да гэтага часу ўдалося адрэстаўраваць толькі першы паверх з трох. Але калі падчас экскурсій мы паведамляем пра імкненне працягваць працу і паказваем вынікі аўтэнтычнай рэканструкцыі, гэта выклікае шчырую павагу з боку многіх турыстаў, якія к канцу дня знаходжання ў сядзібе нават пачынаюць размаўляць па-беларуску».
Чым бліжэй мы былі да Мінска, тым мацнейшае рабілася ўражанне ад убачанага. Мы наведалі толькі шэсць замкаў. А ў Беларусі іх больш за трыццаць.